2012-04-11 17:04:56

“Веру, ведаю, разумею”. Сакрамэнт хросту: намашчэнне хрызмам


RealAudioMP3 Мы працягваем размаўляць аб сакрамэнце хросту, а дакладней аб значэнні тых жэстаў, знакаў і малітваў, якія яго суправаджаюць. У сённяшняй праграме я прапаную паразмаўляць аб абрадах, якія здзяйсняюцца адразу пасля палівання вадой. Першым такім абрадам з’яўляецца намашчэнне алеем хрызма. У адной з мінулых праграм мы ўжо казалі аб намашчэнні іншым алеем – алеем катэхуменаў. Гэты жэст адбываецца перад самім хростам і можа быць уключаны ў абрад сакрамэнту паводле рашэння біскупскай канферэнцыі ці дыяцэзіяльнага біскупа. У Беларусі, звычайна, алеем катэхуменаў не намашчаюць. А вось намашчэнне хрызмам з’яўляецца абавязковым. Аб ім мы пагаворым у сённяшняй праграме.

Намашчэнне хрызмам сімвалізуе асвячэнне і ўдзел у святарскай і каралеўскай місіі Хрыста. Святар, калі чыніць гэты абрад кажа такія словы: “Бог Усемагутны, Айцец Пана нашага Езуса Хрыста, які адрадзіў цябе вадой і Святым Духам і падараваў цябе адпушчэнне грахоў, Сам даруе табе намашчэнне збаўлення, каб ты, стаўшы часткай Яго святога народа, прыбываў у адзінстве з Хрыстом – Святаром, Прарокам і Валадаром дзеля жыцця вечнага”. Гэта формула цудоўна тлумачыць сэнс намашчэння хрызмам.

Цікава, што грэцкае слова “Хрыстус” з’яўляецца перакладам яўрэйскага слова “Месія”, што значыць “намашчоны”. У Бібліі намашчэнне алеем, з’яўляецца сімвалам перадачы чалавеку вышэйшых дароў і выкарыстоўвалася пры прызначэнні на якое-небудзь асаблівае, вельмі адказнае служэнне – першасвятара, прарока ці караля. Алей, дзякуючы свайму цудоўнаму водару, перадае чалавеку нябачнае нашым вачам значэнне пасвячэння. Намашчоны пачынае прыемна пахнуць. Хрыстус, а разам з Ім ўсе ахрышчаныя – гэта людзі, якія маюць водар Валадарства Нябеснага. Св. Павел у сваім пасланні да Карынцянаў пісаў, што Бог “праз нас ва ўсялякім месцы выяўляе водар Свайго пазнання”. “Мы – мілы Богу водар Хрыстовы сярод тых, што дасягаюць збаўлення і сярод тых, што гінуць: для адных водар смерці на смерць, а для другіх – водар жыцця на жыццё”, - так пісаў Апостал народаў.

Я ўжо казаў, што ў старажытнасці намашчэнне ўжывалася пры ўзвядзенні на першасвятара, валадара ці прарока. Аб гэтым часта гаворыцца ў Бібліі. Толькі пасля намашчэння абраны мог увайсці ў Святая Святых Святыні Пана, бо ён станавіўся адной натуры з Богам і пасярэднікам паміж ім і народам. У лацінскай мове гэта роля першасвятара ясна акрэслена словам “pontifex”, якое паходзіць ад слова “pont” – “мост”. Пасярэнік паміж Богам і чалавекам станавіўся мастом паміж імі. Праз намашчэнне алеем святар атрымліваў асаблівыя дары і пераўтвараўся ў святое стварэнне, прызначанае для адносінаў з Богам.

Юдэйскія цары праз намашчэнне алеем таксама атрымлівалі асаблівыя дары, бо яны кіравалі народам ад імя Бога. Намашчэнне прарокаў было духоўным – пры ім не выкарыстоўвася алей. Памятаеце радкі з кнігі прарока Ісаі: “Дух Пана на мне, бо Ён намасціў мяне”. Тут гаворка ідзе аб сімвалічным намашчэнні. Хрыстус быў надзелены паўнамоцтвамі і першасвятара, і валадара, і прарока. У гэтым заключалася яго місія.

У сакрамэнце хросту намашчэнне новага хрысціяніна, які далучаецца да святога народа, адкрывае яму вочы на яго сапраўднае пакліканне і прыроду. Кожны, хто прымае хрост, пакліканы быць першасвятаром, валадаром і прарокам. Гэта ідэнтычнасць ахрышчаных.

Што значыць быць першасвятаром? Гэта значыць наблізіцца да Бога, навучыцца размаўляць з Ім. Быць першасвятаром азначае стаць мастом паміж Богам і нашымі бліжнімі. Гэта значыць расказваць людзям аб Богу, гаварыць Богу аб людзях, заступацца за іх перад Богам. Кожны хрыціянін пакліканы да выканання гэтай першасвятарскай ролі – быць для іншых другім Хрыстом. Памятаеце, як Бог звяртаўся да апостала Паўла: “Саўл, Саўл, чаму ты пераследуеш мяне?” (Дз 9,4). Саўл не пераследваў Езуса Хрыста, але яго вучняў, хрысціянаў. Гэта значыць, што Хрыстус цалкам ідэнтыфікаваў сябе з Касцёлам.

Той, хто атрымлівае хрост павінен навучыцца думаць па-каралеўску. Часта мы наадварот думаем як рабы, у той час як атрымалі дух дзяцей Божых. Што значыць быць каралём ці валадаром? Гэта значыць панаваць над сваімі ўчынкамі, а не быць іх рабамі. Плыць па жыцці моцна трымаючы руль у руках. Мець здольнасць кіраваць сваімі жарсцямі, і не ісці за імі. Быць незалежным ад ціску іншых валадаром самаго сябе. У старажытныя часы, на Усходзе, на таго, хто атрымліваў хрост апраналі карону.

Быць хрысціянінам азначае ведаць аб Богу тое, што робіць з мяне першасвятара і валадара. Ведаць, як размаўляць з Богам і слухаць Яго. Ведаць, як кіраваць сабой, перамагаць жарсці і спакусы.

Намашчоны пакліканы да прароцтва. Прарок – гэта той, хто ўмее прамаўляць ад імя Бога і разумець тое, што адбываецца навокал. Прарок – гэта не варажбітка. Яго дар у тым, што ён умее казаць праўду, бачыць Божыя задумы і Яго волю, ласку схаваную у кожным здарэнні ў жыцці.








All the contents on this site are copyrighted ©.