2012-04-11 16:58:45

“Веру, ведаю, разумею”. Сакрамэнт хросту: намашчэнне алеем (І)


RealAudioMP3 Мы працягваем разважаць аб сакрамэнце хросту, а дакладней аб тых знаках, жэстах і малітвах, якія яго суправаджаюць. Сёння, мы падрабязней паразмаўляем аб намашчэнні святым алеем. Гэты жэст святар чыніць пасля надання імя дзіцяці і пазначэнні яго знакам крыжа – гэта значыць пасля прыняцця дзіцяці ў хрысціянскую супольнасць. Ітак, затым святар, праводзіць рытуал выгнання злых духаў, прамаўляе малітву і намашчае дзіця святым алеем. Пры гэтым святар прамаўляе наступныя словы: “Прымі намашчэнне святым алеем ў знак збаўлення. Няхай ён умацуе цябе сілай Хрыста Збаўцы, які жыве і валадарыць”. Сапраўднае значэнне гэтага знаку, абраду, зразумела не адразу.

У самым пачатку мы паспрабуем зразумець, чаму ў ім выкарыстоўваецца алей. Прычым намашчэнне адбываецца два разы: першае – алеем катэхуменаў для хросту, а другое – пасля хросту, святым алеем, які выкарыстоўваецца і ў абрадзе бежмавання. Гэта робіцца таму, што падчас хросту, той хто яго атрымлівае, павінен прайсці два розных этапа. Першае намашчэнне алеем адбываецца да акраплення дзіцяці вадой, а другое пасля. Для гэтага другога намашчэння выкарытоўваецца алей, які ўжываецца таксама падчас сакрамэнту канфірмацыі. Ён мае вельмі прыемны арамат і надае большую ўрачыстасць хросту. Недарэмна алеем карысталіся для намашчэння абранніка Божага, Месіі, што ў сваю чаргу адпавядае грэцкаму слову Хрыстус. Абраннікамі Божымі называліся таксама каралі, святары і прарокі.

Алей, які выкарыстоўваецца да акраплення вадой, elaion, алей катэхуменаў, у старажытнасці служыў для выгнання злых духаў. У нашы дні ім намашчаюць грудзь дзіцяці, а дарослы можа атрымаць такое намашчэнне ці на грудзі, ці на ўнутраную частку рукі. Намашчэнне далонняў прызначана толькі для святароў. У старажытнасці, таго, хто прымаў сакрамэнт хросту, цалкам намашчалі алеем і пасля гэтага ён ўваходзіў у купель. Узгадкі аб гэтым мы знаходзім напрыклад у запісах IV ст. св. Яна Златавуснага. Паводле св. Іпаліта Рымскага, які дыў у ІІ-ІІІ ст. падчас намашчэння алеем святар прамаўляў словы: “Няхай пакіне цябе злы дух”. Тут гаворка ідзе аб сапраўдным экзарцызме.

Цікавым з’яўляецца яшчэ адзін аспект. Сучаснік св. Яна Златавуснага Фёдар Мапсуеційскі, раннехрысціянскі тэолаг, называў намашчаных алеем “войнамі Хрыста”. Дакладней можа назваць іх “барцамі” Хрыста, бо менавіта барцы перад паядынкам націралі сябе алеем, каб ворагу было складаней ухапіць іх. Гэта набліжае нас да значэння намашчэння святым алеем перад акрапленнем вадой. Той хто прымае хрост уступае ў паядынак са злымі духамі і перамагае дзякуючы святому алею, а хрост знамянуе перамогу Бога над духам зла ў чалавеку. Намашчэнне алеем навучае нас абараняцца ад духа зла, валадара непраўды, дапамагае зразумець, як чалавек павінен весці сябе ў выпадку спакусы і як яму можна “выслізнуць” з рук ворага. Тут варта заўсёды памятаць, што па-першае: вораг, сатана заўсёды існуе ў нашым жыцці, таму з ім трэба і змагацца і па-другое неабходна навучыцца мудра змагацца з гэтым ворагам. Аб гэтым нам кажа знак намашчэння алеем катэхуменаў.

Як старажытным барцам алей дапамагаў выслізнуць з рук ворага, так і хрысціянам намашчэнне алеем дапамагае змагацца са спакусамі. Для прыкладу можна узгадаць сон св. Пэрпэтуі. Пэрпэтую абвінавацілі ў прыналежнасці да хрысціянства, каля яна яшчэ была катэхуменкай, таму яна атрымала хрост у момант чакання сваёй казні. Цікава, што Пэрпэтуа пакутавала за веру, яшчэ не будучы фармальна хрысціянкай. У ноч перад хростам мучаніца бачыла сон, у якім ёй давялося бароцца з чорным егіпцянінам. Гэта сімволіка даволі ясная: чорны колер наводзіць на думку аб цемры, а Егіпет – гэта біблійны сімвал рабства, фараона – гістарычнага ворага Божага народа. Падчас барацьбы св. Пэрпэтуі дапамагаў дыякан. За змаганем сачыў суддзя - біскуп, які спытаў мучаніцу – ці гатова яна да хросту. І ў гэтым кантэксце, яна атрымала намашчэнне алеем катэхуменаў і выйграла бітву.

Хрысціян вымушаны кожны дзень прымаць удзел у барацьбе са сваім “чорным егіпцянінам” – кожны дзень яму неабходна супрацьстаяць спакусам. Намашчэнне алеем нам падказвае як. Для нас няма патрэбы ў тым, каб мець надзейную зброю для нападзення і знішчэння ворага. Намашчэнне нас вучыць таму, што ад ворага можна “услізнуць”, выпутацца ад яго моцных рук. За гэтай тактыкай стаіць вялікая мудрасць. У барацьбе з сатаной у нас ніколі не атрымаецца перамагчы яго розумам, бо “змей хітрэйшы за ўсе жывёлы палявыя, якіх стварыў Пан Бог”. Мы ніколі не зможам прыдумаць дастаткова аргументаў, для таго, каб перамагчы падман. Але мы можам навучыцца не граць па яго правілах, сваечасова пакідаючы поле бітвы. Можна цудоўна перамагчы, не прымаючы удзел у барацьбе. У Евангеллі гэта бачна падчас спакушэння Езуса на пустыні. Сатана імкнуўся весці дыялог па свойму, але Хрыстус заўсёды змяняў перспектыву, нібыта ўхіляючыся ад рук ворага. Некаторыя пытанні спецыяльна ставяцца такім чынам, каб прымусціь нас даць чаканы адказ.








All the contents on this site are copyrighted ©.