2012-04-11 12:40:45

Дзень нараджэння Папы: св. Імша з нямецкімі біскупамі і канцэрт


RealAudioMP3 У 85-ы Дзень нараджэння Святога Айца ў Ватыкане ў гонар Пантыфіка прагучаць творы Фелікса Мендэльсона. Канцэрт прадставіць 20 красавіка Лейпцыгскі аркестр Гевандхаўса. 16 красавіка, у сам юбілей, Святы Айцец прыме віншаванні біскупаў з Германіі і грамадскіх дзеячоў Баварыі. У 9.00 у капліцы Апостальскага Палаца біскупы разам з Папам будуць канцэлебраваць св. Імшу. У ёй прыме ўдзел таксама баварская дэлегацыя на чале з прэм’ер-міністрам Хорстам Зэехоферам. Пасля літургіі адбудзецца прыватная аўдыенцыя спачатку для нямецкіх іерархаў, а затым для дэлегацыі баварскіх уладаў. Групу нямецкага епіскапата ўзначаляць яго старшыня арцыбіскуп Роберт Цоліч і арцыбіскуп Мюнхенскі на пенсіі кардынал Фрыдрых Веттэр, ён быў наступнікам кардынала Ратцынгера ў 1982 г., пасля таго як апошняга Ян Павел ІІ прызначыў прэфектам Кангрэгацыі Веравучэння.

Арцыбіскуп Цоліч заявіў, што Папа з’яўляецца адным з самых вялікіх тэолагаў Каталіцкага Касцёла. Цэнтральнае месца ў яго тэалогіі, на думку арцыбіскупа, займае пытанне сучаснай веры. На фоне моцнага секулярызму і беспрэцэдэнтнай рэлігійнай разнастайнасці Бэнэдыкт XVI заяўляе аб жыццёвай неабходнасці новай евангелізацыі. Гэта адносіцца і да спадчыны ІІ Ватыканскага Сабору, на якую, на думку Пантыфіка, трэба паглядзець па-новаму.

Прэм’ер-міністр Саксоніі Станіслаў Ціліх і бургамістр Лейпцыга Буркхард Юнг будуць суправаджаць аркестр Гевандхауса ў Рыме. Аркестр з’яўляецца адным з самых вядомых і прэстыжных калектываў у свеце.







All the contents on this site are copyrighted ©.