2012-04-11 13:04:09

Бэнэдыкт XVI: сёння Уваскрослы ўваходзіць у нашы дамы і сэрцы, хоць часта іх дзверы зачынены


RealAudioMP3 Аб пераменах, якія ўчыніла Пасха ў жыцці вучняў Хрыста, разважаў Святы Айцец падчас агульнай аўдыенцыі 11 красавіка. Папа прыбыў у Ватыкан на верталёце са сваёй летняй рэзідэнцыі ў Кастэль Гандольфа. Тут Пантыфік праводзіць кароткі велікодны адпачынак. Звяртаючыся да вернікаў Папа нагадаў, што пасля смерці Хрыста яго вучні былі напужаныя і зачыніліся ў доме з-за старху перад юдэямі. “Страх сціскаў іх сэрцы і перашкаджаў ісці насустрач іншым і насустрач жыццю”, - падкрэліў Папа. Аднак, у момант, калі “успаміны аб муках умацоўвалі няўпэўненасць”, Езус з’явіўся перад імі нягледзячы на тое, што дзверы былі закрыты, і сказаў: “Супакой вам”. “Гэта звычайнае прывітанне набыло новае значэнне, бо выклікала ўнутраную перамену; гэта пасхальнае прывітанне, якое знішчыла страх вучняў”, - сказаў Бэнэдыкт XVI. Ён падкрэсліў, што ў дзень уваскрасення Пан падарыў поўню супакою, якая для супольнасці вучняў стала крыніцай радасці, упэўненасці ў перамозе і надзейнай апоры на Бога. “Няхай не хвалюецца ваша сэрца і не мае страху, кажа Ён таксама да нас”, - сказаў Папа.

Пантыфік звярнуў увагу на тое, што Езус паказаў сваім вучням раны, і так яны “зразумелі збаўчы сэнс яго мукі і смерці”. “Смутак аб ранах стаў крыніцай радасці”, - сказаў Святы Айцец. Ён адзначыў, што Хрыстус вярнуўся да вучняў, каб заклікаць іх ісці і распаўсюджваць веру па усім свеце. “Ён выканаў сваю місію ў свеце, а зараз пасылае іх сеяць ў сэрцах веру, каб Айцец, вядомы і любімы, мог сабраць усіх сваіх згубленых дзяцей”, - сказаў Бэнэдыкт XVI.

“Дарагія сябры, таксама і сёння Уваскрослы ўваходзіць у нашы дамы і сэрцы, хоць часта іх дзверы закрыты. Ён уваходзіць даючы радасць і супакой, жыццё і надзею, дары, у якіх маем патрэбу для нашага чалавечага і духоўнага перараджэння. Толькі Ён можа адсунуць магільныя камяні, якія чалавек часта ставіць перад сваімі пачуццямі, адносінамі, паводзінамі; камяні, якія правакуюць смерць: падзелы, варожасць, крыўды, зайздрасць, абыякавасць. Толькі Ён, Жывы, можа даць сэнс нашаму існаванню і паставіць на шлях тых, хто стаміўся, згубіў давер і надзею”, - сказаў Святы Айцец.

Бэнэдыкт XVI нагадаў, што падчас сустрэчы з вучнямі па дарозе ў Эмаўс, Хрыстус тлумачыў ім Святое Пісанне, праз прызму самаго сябе і сваёй пасхальнай таямніцы. “Сэнс усяго: законаў, прарокаў і псальмаў, раптоўна адкрыўся і стаў ясным перад іх вачыма”, - сказаў Папа. Ён падкрэсліў, што затым, вучні пазналі Хрыста пры ламанні хлеба.

“Гэты эпізод указвае нам на два “месцы”, дзе можам сустрэць Уваскрослага, перамяняючага жыццё: слуханне Слова ў адзінстве з Хрыстом і ў ламанні хлеба. Гэтыя два “месцы” злучаны паміж сабой, бо “Слова і Эўхарыстыя так цесна звязаны з сабой, што нельга зразумець першага без другога: Слова Божае становіцца сакраментальным целам у эўхарыстычнай падзеі (Verbum Domini, 54-55)”, - сказаў Пантыфік.

Папа адзначыў, што пасля сустрэчы з Хрыстом, аднавіўся энтузіязм веры яго вучняў, любоў да супольнасці і ўпэўненасць у неабходнасці дзяліцца добрай навінай. “Настаўнік уваскрос і з Ім уваскрэсла ўсё жыццё; сведчыць аб гэтай падзеі стала для вучняў жыццёвай неабходнасцю”, - падкрэсліў Святы Айцец. Ён заклікаў вернікаў прайсці той самы шлях, які здзейснілі вучні з Эмаўс, праз адкрыццё Слова Божага і Эўхарыстыі. “Ісці з Панам і дазволіць Яму расплюшчыць нашы вочы на сапраўднае значэнне Пісання і Яго прысутнасць у ламанні хлеба”, - сказаў Папа.








All the contents on this site are copyrighted ©.