2012-04-10 17:55:50

“Хрысціянін у секулярным грамадстве”. Быць апосталам Уваскрашэння


RealAudioMP3 Напрацягу нашых радыёсустрэч мы неаднаразова заўважалі, што асяроддзе пражывання адыгрывае значную ролю ў фарміраванні светапогляду і перакананняў асобы. Менавіта пагэтаму ў дадзеным цыкле перадач мы імкнемся прыгледзецца да грамадства, у якім прыходзіцца жыць сучаснаму католіку. Вядома, што немагчыма разглядаць адначасова асяроддзе пражывання сотняў мільёнаў католікаў, раскіданых па розных кантынентах, якія маюць асаблівасці сваёй гісторыі і культуры. Таму ў нашых разважаннях мы імкнемся паназіраць за жыццём сыноў і дачок Касцёла ў Еўропе, а перадусім - на Беларусі.

Гісторыя хрысціянства і Касцёла на нашым кантыненце ў апошнія стагоддзі перажывае моцны ціск секулярнага (свецкага) мыслення. Аналізуючы тыя змены, якія адбыліся ў ментальнасці хрысціянаў Еўропы за апошнія стагоддзі, вучоныя гавораць аб моцнай змене арыенціраў у свядомасці вернікаў. У ранейшыя, напрыклад, сярэднявечныя часы, хрысціянін нашага кантынента меў моцна выражаную засяроджанасць на Богу, лічыўся з перспектывай вечнага жыцця, Божага суда, Раю або пекла. У апошнія ж стагоддзі даследчыкі заўважаюць усё больш нарастаючую тэндэнцыю адварочвання аб Божага і вечнага, а зацыкленасць на прыземленым, чалавечым і часовым. Менавіта ў рэчышчы гэтага працэсу канцэнтрацыі чалавека толькі на сваіх зямных патрэбах пачаў фарміравацца секулярны тып мыслення: засяроджанасць выключна на зямных справах і пазбяганне пытанняў аб вечным і звышнатуральным.

Такая прыземленасць мыслення моцна ўплывае на веру і духоўнае жыццё сучаснага хрысціяніна. Не трэба быць вялікім спецыялістам, каб заўважыць, наколькі папулярныя ў сучасным хрысціянскім асяроддзі рэлігійныя практыкі, звязаныя з клопатам аб зямным жыцці і мала папулярныя практыкі, якія наўпрост не прыносяць відавочных зямных плёнаў, патрабуюць часу і намаганняў. Дастаткова ўзгадаць хаця б празмерную папулярнасць практык аздараўлення, экзарцызмаў, магічных і відовішчных акцый, на якіх многія вернікі шукаюць не забеспячэння шчаслівай будучыні ў вечнасці, але шукаюць зямнога шчасця, здароўя, дабрабыту, эмацыянальнага цяпла. А ўсё гэта праявы секулярызму, перавагі зямнога над вечным, чалавечага над Божым, матэрыяльнага над духоўным. Наступствы гэтага перавароту ў жыцці чалавека могуць быць самыя драматычныя. Бо Раю на грэшным свеце няма, бо сапраўднае шчасце – гэта стан духа, а не толькі цела, бо паўната чалавечнасці не ў фізічным здароўі і добрым самапачуцці, але ў гармоніі асабовых адносін паміж людзьмі і Богам.

Сёння, калі мы перажываем перыяд велікодных святкаванняў, хочацца таксама звярнуць вашую ўвагу, шаноўныя слухачы, на розніцу паміж хрысціянскім і секулярным разуменнем уваскрашэння. На першы погляд можа здавацца, што сучасным паслядоўнікам Езуса Хрыста не трэба спецыяльна тлумачыць, што такое паўстанне з мёртвых і наколькі гэтая ісціна веры важная ў жыцці чалавека. “Езус уваскрос, каб мы уваскрослі” – рэфрэнам гучыць гэтая праўда ў літургіі Касцёла. Аднак уплыў секулярызму закранае таксама ўяўленні нашага сучасніка аб уваскрашэнні. Калі хрысціянін нашых часоў паддасца ментальнасці канцэнтараваць сваё жыццё толькі на зямным, то і ўваскрасенне Хрыста будзе ўяўляць па-зямному, проста як вяртанне мёртвага чалавека да жыцця. Гэта не хрысціянскае ўяўленне аб паўстанні з мёртвых. Біблія расказвае нам пра Уваскрослага Езуса, які меў якасна іншае цела. Падобнае, але адрознае ад таго, якое мае кожны з нас. Перспектыва ўваскрашэння, новага жыцця з Богам для сапраўднага хрысціяніна – гэта не проста аптымальны стан таго жыцця, якое мы бычым на гэтым свеце. Пасхальны Хрыстус адкрывае перад кожным чалавекам зусім іншую перспектыву – гэта падобны да вядомага нам, але якасна зусім іншы свет, пра які мы можам толькі здагадвацца. Бо, як кажа Біблія, “ні вуха не чула, ні вока не бачыла, якія вялікія рэчы падрыхтаваў Бог тым, хто Яго любіць” (1 Кар 2, 9). Няхай святкаванне таямніцы Уваскрасення Хрыста дапаможа нам, хрысціянам, быць у секулярным свеце апосталамі надзеі на ўваскрашэнне да якасна новай рэчаіснасці.








All the contents on this site are copyrighted ©.