2012-04-10 18:13:58

"Хрысціянін у секулярным грамадстве". Размаўляць з сучаснікам на яго мове


RealAudioMP3 Напрацягу мінулых перадач мы неаднаразова ўзгадвалі пра тое, што працэсы выцяснення рэлігіі з публічнага жыцця вельмі цесна звязаныя з тымі грамадскімі падзеямі, якія перажывае канкрэтная краіна на шляху сваёй гісторыі.

Ідэолагі секулярызма ў канцы 19 ст. паставілі перад сабой вельмі ясную мэту: стварыць грамадства, дзе рэлігія не мела б ніякага ўплыву на жыццё людзей. Для гэтага трэба было выцясніць усё, што звязанае з духоўнасцю ў сферу прыватнасці, асабістых густаў чалавека. А ў публічнай сферы ўсе людзі павінны былі паводзіць сябе як атэісты. Але як гэта зрабіць у свеце, дзе рэлігійная свядомасць не перастае адыгрываць важную сацыяльную ролю? Узнікла неабходнасць у нейкім шырокім секулярным руху, які ахапіў бы ўсе сферы жыцця чалавека, аслабляючы рэлігійную свядомасць і ўзмацняючы духоўную абыякавасць і практычны атэізм.

З перспектывы часу можна сказаць, што ў краінах Заходняй Еўропы выцясненне рэлігіі з грамадскай свядомасці пачало адбывацца паступова. У той жа час Беларусь, як і большасць краін Усходняй Еўропы, перажыла ў мінулым стагоддзі трагічныя часы гвалтоўнай секулярызацыі і атэізацыі. Як бачым, на Ўсходзе і на Захадзе Старога кантыненту выцясненне рэлігіі з грамадскага жыцця ішло зусім рознымі шляхамі. Канец ім паклала ў канцы 20 ст. падзенне савецкай сістэмы і ўзнікненне новай культурнай плыні – постмадэрнізму.

Распад савецкай палітычнай сістэмы не мог не адбіцца на лёсе як рэлігіі, так і секулярнага руху. Натуральным наступствам падзення атэістычнага таталітарызму стаў магутны выбух рэлігійнасці, якая дзесяцігоддзямі здушвалася Саветамі ў падполлі, канцлагерах і турмах. Але ўжо ў першыя гады адраджэння рэлігійнага жыцця ў постсавецкіх грамадствах стала відавочна, што камуністычны секулярызм наклаў свой адбітак на жыццё людзей. Мода на веру, будаўніцтва святыняў, рэлігійныя святкаванні лёгка замянілі камуністычныя маніфестацыі і ўвайшлі ў сферу знешняга і публічнага. Але ўнутраныя духоўныя зрухі сярод постсавецкага насельніцтва ішлі вельмі павольнымі тэмпамі. Гэта лёгка можна было заўважыць. Не сакрэт, што найлепшым паказчыкам унутранай перамены чалавека з’яўляецца сфера яго паводзін. Постсавецкі чалавек вельмі лёгка пачаў пераймаць усе знешнія праяўленні рэлігійнасці, аднак з цяжкасцю адкрываўся на хрысціянскую мараль, на жыццё паводле Божых запаведзяў.

На мяжы 20 і 21 стагоддзяў узнік пэўны парадокс у адносінах да рэлігіі паміж дзвюмя часткамі Еўропы. На Захадзе хрысціянская рэлігія была сур’ёзна выцесненая з грамадскага жыцця, але моцна закаранёная ў сферы звычаяў, практычным жыцці большасці. На посткамуністычным Усходзе аказалася адваротная сітуацыя. Усюды падкрэслівалася знешняя маніфестацыя веры, але ў прыватным жыцці шырокія слаі грамадства далей працягвалі жыць савецкай мараллю і практычным атэізмам. Нягледзячы на гэтыя парадоксы і надзеі, здавалася, што секулярызм знаходзіцца ў паўкроку ад канчатковай перамогі над рэлігійнасцю. Атэістычныя мысліцелі нават пачалі абвяшчаць надыход канца гісторыі, трыумфу бездухоўнасці, спажывецкасці і рэлятывізму.

Аднак гісторыя выкінула чарговы і нечаканы для ідэолагаў секулярызму сюрпрыз. Постамадэрнізм, культурная плынь апошніх дзесяцігоддзяў, стала сур’ёзным выпрабаваннем не толькі для хрысціянства, але і для секулярызму. Справа ў тым, што постмадэрністычнае мысленне характэрызуецца адварочваннем ад традыцыйных каштоўнасцей, крытычным і фрагментарным падыходам да свету, суб’ектыўнасцю мыслення, крытыканцтвам, адкідваннем аўтарытэтаў і індывідуалізмам. Многія ідэолагі секулярызма, а нават прадстаўнікі традыцыйнага хрысціянства, на пачатку разглядалі гэтую эпоху як несумяшчальную з хрысціянствам, абвяшчалі адыход Касцёла ў апазіцыю і падполле. Бо чалавек постмадэрнізму адкідвае адзіную ісціну, рацыянальнасць і аўтарытэты. Усё гэта, здавалася, робіць немагчымым яго дыялог з традыцыйным хрысціянствам – разумным, заснаваным на аўтарытэтах, абвяшчаючым адзіную і абсалютную праўду.

Аднак сталася нешта адваротнае. Чалавек постмадэрнізму не адкінуў рэлігійнасць. Ён адкінуў сляпы дагматызм, любую форму ціску, прыгнёт аўтарытэтаў. Хрыстовае вучэнне пачало яго вабіць сэнсоўнасцю і ўнутранай свабодай. Перад хрысціянамі гэта паставіла сур’ёзную задачу: не змарнаваць шанец, але пачаць размаўляць з сучасным чалавекам на яго мове, абвяшчаць Евангелле ў катэгорыях, зразумелых для дзіцяці постмадэрнізма. Гэта значыць не павучаць, але сведчыць прыкладам.

Яшчэ адным шанцам для хрысціянскага сведчання стала бясплоднасць сучаснай культурнай плыні, у выніку чаго ў сэрцах многіх людзей нараджаецца голад глыбіні, сэнсоўнасці, цвёрдага фундаменту. Стомленыя постмадэрнісцкай рэлігійнасцю, яны шукаюць сур’ёзнай веры, выразнай дактрыны, нязменнага ў сваёй тоеснасці Касцёла. Усё гэта ставіць католіка перад вялікім выклікам і шанцам. Каб не зважаючы на секулярныя плады мінулага стагоддзя, пачаць абвяшчаць Евангелле на той мове, якую зразумее сучасны чалавек і адкрыць яму перспектыву Збаўлення ў вольнай ад кан’юнктуры часу веры Хрыстовага Касцёла.









All the contents on this site are copyrighted ©.