2012-04-09 13:42:03

Францыя: біскуп пасяліў бездомныя сем’і ў сябе


RealAudioMP3 Тры бездомныя сям’і эмігрантаў пасяліліся ў будынку, які спецыяльна для іх вызваліў ардынарый французскай дыяцэзіі Сен Брыё ў Брэтані біскуп Дэні Мутэль. У дом, дзе раней знаходзіліся працоўныя памяшканні генеральнага вікарыя дыяцэзіі і біскупскіх вікарыяў, засяліліся сем’і з Афрыкі і Каўказа, якія на мінулым тыдні засталіся без даху над галавой. Біскуп Мутэль адзначыў, што сем’і могуць застацца тут на неакрэслены час. “Гэта рашэнне было прынята пасля малітваў біскупа і працы спецыяльнай групы яго супрацоўнікаў”, - расказаў генеральны вікарый дыяцэзіі кс. Жэрар Ніколь. Ён паведаміў таксама, што для вырашэння праблемы бяздомных сем’яў біскуп параіўся са свецкімі католікамі, якія займаюцца дапамогай эмігрантам.

У спецыяльным паведамленні біскупа Мутэля адзначаецца, што яго жэст упісваецца ў традыцыю гасціннасці, якая са старажытнасці існуе ў Касцёле. “Любоў Хрыста заахвочвае нас да таго, каб стаяць побач з тымі, за каго Ён аддаў сваё жыццё”, - напісаў іерарх.

Выпадак, калі прадстаўнікі Касцёла вызваляюць жылыя памяшканні для патрабуючых, з’яўляецца не першым на поўначы Францыі. Некаторыя сем’і эмігрантаў ў гэтым рэгіёне ўжо пражываюць у дамах для пажылых святароў. Пошукам жылля для эмігрантаў займаюцца таксама французскія касцёльныя дабрачынныя арганізацыі і парафіі.








All the contents on this site are copyrighted ©.