2012-04-08 12:21:50

Святы Айцец паедзе ў Ліван


RealAudioMP3 Кіраўніцтва Ліванскай Рэспублікі і Камісія каталіцкага епіскапату краіны па СМІ паведамілі, што 14-16 верасня адбудзецца апостальскае падарожжа Святога Айца ў Ліван. Яно будзе звязана з падпісаннем паслясінадальнай адгартацыі для Блізкага Усходу. У паведамленні ліванскага кіраўніцтва гаворыцца, што “у адказ на запрашэнне, якое было накіравана Папе Прэзідэнтам Ліванскай Рэспублікі, Яго Святасць Бэнэдыкт XVI наведае з дзяржаўным візітам Ліван. Гэты візіт пацвярджае глыбіню гістарычных сувязяў, якія звязваюць Ліван і Святы Пасад”, - падкрэслена ў паведамленні.

Каталіцкі Касцёл у сваю чаргу выказвае радасць з візіту Папы і падпісання ім важнага для Касцёла на Блізкім Усходзе дакумента. Епіскапат краіны паведамляе, што адбудуцца сустрэчы Святога Айца з лідэрамі краіны, палітычнымі і рэлігійнымі. Бэнэдыкт XVI сустрэнецца таксама з мясцовай моладдзю. Завершыцца візіт св. Імшой у Бейруце, дзе Святы Айцец уручыць падпісаную напярэдадні апостальскую адгартацыю.

Спецыяльная асамблея Сіноду Біскупаў для Блізкага Усходу адбылася ў Ватыкане 10-24 кастрычніка 2010 г. на тэму “Каталіцкі Касцёл на Блізкім Усходзе: адзінства і сведчанне”.







All the contents on this site are copyrighted ©.