2012-04-08 13:34:05

Папа падчас “Urbi et Orbi” пра складаную і напружаную сітуацыю ў свеце


RealAudioMP3 8 красавіка Бэнэдыкт XVI узначаліў велікодную св. Імшу на плошчы св. Пятра. Пасля яе заканчэння, ужо з цэнтральнага балкону базылікі св. Пятра, Папа звярнуўся да вернікаў з пасланнем “Urbi et Orbi” (Гораду і свету). Пантыфік адзначыў, што сустрэча з уваскрослым Хрыстом, якую перажыла св. Марыя Магдалена, адбываецца ў жыцці кожнага хрысціяніна. “Гэта сустрэча змяняе жыццё: сустрэча з адзіным Чалавекам, які дае адчуць усю дабрыню і праўду аб Богу, вызваляе ад зла не павярхоўным чынам, але радыкальна, аздараўляе ад усяго і аднаўляе нашу годнасць”, - сказаў Святы Айцец. Папа адзначыў, што менавіта таму Марыя Магдалена называла Хрыста “мая надзея”. “Хрыстус мая надзея” азначае, што кожнае маё добрае жаданне становіцца магчымым у Ім: з Ім магу спадзявацца, што маё жыццё стане добрым і поўным”, - сказаў Пантыфік. Папа адзначыў, што пасля дня смерці Хрыста, цемры і поўнага маўчання Бога, калі здавалася надзея была толькі пустым словам, наступіў новы дзень і грабніца аказалася пустой. Тады, паводле Святога Айца, вера яго вучняў стала больш жывой і моцнай, як ніколі.

“Хрыстус – гэта надзея і суцяшэнне асабліва для хрысціянскіх супольнасцяў, якія перажываюць цяжкія выпрабаванні, пераслед і дыскрымінацыю з-за сваёй веры. Ён прысутны сёння, як сіла надзеі, праз якую Яго Касцёл, становіцца блізкім да ўсіх, хто знаходзіцца ў сітуацыі цярпення і несправядлівасці”, - сказаў Папа.

Бэнэдыкт XVI пажадаў, каб ўваскрослы Хрыстус падарыў надзею народам Блізкага Усходу, каб усе этнічныя, культурныя і рэлігійныя кампаненты рэгіёна супрацоўнічалі дзеля супольнага дабра і павагі да правоў чалавека. Папа выказаў спадзяванне, што у Сірыі будзе спынена кровапраліццё і яна стане на шлях павагі, дыялогу і прымірэння, да чаго заклікае міжнародная супольнасць.

Пантыфік выказаў сваю блізкасць з іракскім народам, а таксама народамі якія пражываюць у Святой Зямлі і на афрыканскім кантыненце. Ён заклікаў іх імкнуцца да міра і стабільнасці, не губляць надзеі перад абліччам цяжкасцяў. Хрысціян у Афрыцы папа заахвоціў быць прыладамі супакою і спрыяць развіццю грамадстваў, да якіх яны належаць.

Акрамя таго, Бэнэдыкт XVI пажадаў прымірэння паміж народамі Афрыканскага Рога і Малі. “У Нігерыі, якая на працягу апошніх часоў стала тэатрам крывавых тэрарыстычных нападаў, няхай пасхальная радасць дасць неабходныя сілы, каб аднавіць і будаваць мірнае грамадства, у якім будзе паважацца рэлігійная свабода грамадзян”, - сказаў Папа.

На заканчэнне паслання Святы Айцец павіншаваў вернікаў на 65 мовах. З вуснаў Святога Айца прагучала віншаванне і для беларусаў. На заканчэнне набажэнства Папа ўдзяліў сваё благаслаўленне “Urbi et Orbi”.








All the contents on this site are copyrighted ©.