2012-04-07 16:00:10

Кс. Ламбардзі: сем’ям неабходна моцная духоўнасць


RealAudioMP3 “Прыгожай і геніяльнай ідэяй” назваў кс. Фэдэрыко Ламбардзі рашэнне даверыць падрыхтоўку разважанняў Крыжовага шляху ў рымскім Калізеі сёлета “пажылой сужэнскай пары”. Дырэктар Ватыканскага радыё і кіраўнік Залі Друку Апостальскай Сталіцы адзначыў, што на Крыжовым шляху Езус стаў блізкім для жанчын і мужчын усіх часоў у іх цярпенні, незалежна ад таго, бязвінным ці тым, якое з’яўляецца наступствам граху. “Цярпенне – гэта фундаментальная частка чалавечага жыцця, а часам нават дамінуючая. Яго набліжэнне і яднанне з мукай Хрыста з’яўляецца вялікім дарам для ўсіх”, - падкрэсліў кс. Ламбардзі ў эфіры Ватыканскага радыё. На яго думку тое, што тэмай Крыжовага шляху ў Калізеі сталі менавіта праблемы сем’яў, з’яўляецца важным, асабліва ў кантэксце падрыхтоўкі да наступнай сусветнай сустрэчы сем’яў, якая пройдзе ў пачатку чэрвеня ў Мілане.

“Касцёл працягвае сваю дзейнасць, накіраваную на абарону сям’і ў час, калі дамінуючая ментальнасць імкнецца паменьшыць яе кашоўнасць ці нават высмейваць вернасць і стабільнасць. Але неабходна таксама дапамагаць сем’ям прапаноўваючы ім моцную духоўнасць. Яна будзе падтрымліваць ў цяжкасцях, не толькі матэрыяльных ці звязаных з хваробамі, але таксама тых, якія часам, з’яўляюцца больш балючымі і глыбокімі і тычацца адносін паміж сужонкамі, непаразуменняў, падзелаў канфліктаў паміж бацькамі і дзецьмі, адзіноты звязанай са смерцю блізкага чалавека”, - сказаў кс. Ламбардзі.

“Дапамагчы тым, хто адважыўся на стварэнне сям’і і працягваць заўсёды верыць у сілу Любові. Для гэта праводзіўся Крыжовы шлях сем’яў, каб яны разам з Хрыстом дасягнулі Пасхі”, - адзначыў кс. Ламбардзі ў сваёй аўтарскай рубрыцы “Octava Dies”.








All the contents on this site are copyrighted ©.