2012-04-07 16:27:52

"З сэрцам у кантакце". Літургічнае жыццё Усходніх Каталіцкіх Цэркваў візантыйскага абраду (ІІІ)


RealAudioMP3 Я працягваю распавядаць пра літургічнае жыцьцё ў бізантыйскай царкоўнай традыцыі і тэма нашай сённяшняй перадачы – вячэрня. Прапаную больш даведацца пра яе зьмест і структуру.

103 псалм і чытаньне Псалтыра

Вячэрня распачынаецца сьпевам (або чытаньнем рэчытацівам) 103 псалму: Блаславі, душа мая, Госпада: Госпадзе Божа мой, Ты вялікі наўзьдзіў... Гэты псальм распавядае нам паэтыцкаю моваю пра стварэньне сусьвету. Пасля 103 псалму наступае вялікая (мірная) літанія (па-цэркоўнаславянску ектенія). Пасьля літаніі звычайна бывае чытаньне адпаведнай часткі Псалтыра.

Тут трэба прыпыніцца, каб патлумачыць, якім чынам Псалтыр ужываецца ў сутачным коле. Перад усім хочацца падкрэсліць, што Псалтыр функцыянуе ў багаслужэньні, як асобная кніга. У старадаўнія часы Псалстыр быў асновай манаскай малітвы ды першыя манахі прачытвалі ўвесь Псалтыр за дзень.

Аднак з цягам часу склалася традыцыя прачытваць яго адзін раз на працягу тыдня, а пад час Вялікага Посту двойчы (для параўнаньня ў рыма-каталіцкай традыцыі сёньня амаль увесь Псалтыр прачытваецца за чатыры тыдня). Дзеля чытаньня на багаслужэньнях сутачнага колу ўвесь Псалтыр ва ўсходняй традыцыі падзелены на 20 частак.

Адна такая частка называецца катызмай, што ў перакладзе з грэцкай мовы азначае літаральна «сядаць». Сам тэрмін указвае на тое, што пад час чытаньне Псалтыру можна сядзець. Кожная катызма дзеліцца ў сваю чаргу на тры часткі, якія адзеленыя між сабою малым славаслоўем:

«Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін. Алілуя, алілуя, алілуя. Алілуя, алілуя, алілуя: слава Табе, Божа (Тройчы)». Вось чаму адна трэцья частка катызмы называецца славай (па-грэцку stases).


“Песьні пры запаленых сьвечках” ды стыхіры на «Госпадзе, Цябе клічу»


Пасля малой літаніі распачынаюцца “Песьні пры запаленых сьвечках”. Гэтыя песьні па сутнасьці ёсьць сьпяваньне наступных псалмоў: Пс 140, 141, 129 і 116. Давайце зьвернім нашую ўвагу на Псалом 140, які я для прыкладу засьпяваю на І тон:


Госпадзе, Цябе клічу: пачуй мяне.
Пачуй мяне, Госпадзе!

Госпадзе, Цябе клічу: пачуй мяне; будзь уважлівы да голасу маленьня майго, калі я клічу Цябе.
Пачуй мяне, Госпадзе.

Хай малітва мая ўзыдзе да Цябе, быццам кадзіла, і ахвярай вячэрняй будзе ўздыманьне рук маіх.
Пачуй мяне, Госпадзе.

Гэты псалм ёсьць сталым элементам вячэрні, але на практыцы, яго скарачаюць як раз да вышэй згаданых вершаў. Пад час іх сьпеву сьвятар кадзіць месца літургічнага дзеяньня, што пераклікаецца з зьместам псалму. (Цікавы той факт, што ўжо ў юдаізме вячэрняя малітва ў сьвятыні была спалучана з ахвярай кадзіла). Пах кадзіла ёсьць сымбалам малітвы, якая выходзіць з сэрца.

Далей чытаецца 129 псалм, вершы якога сьпяваюцца ўперамежку з спецыяльнымі песьнямі (стыхірамі) – зьменнымі часткамі, якія бяруцца з Актоіха (або Трыёдзі) ды Мінэі. Агульная назва для гэтых песен ёсьць стыхіры на «Госпадзе, Цябе клічу» (па-славянку «Господі возвах», па-грэцку Kyrie ekekraksa). Апошняя стыхіра прысьвечана амаль заўсёды Багародзіцы, таму называецца багародзічным (гр. theotokion theotokos) або дагматыкам, бо ўтрымлівае ў сабе глыбокі тэалагічны зьмест.

Малы ўваход

Пад час сьпяваньня багародзічнага сьвятар з прыслужнікамі зьдзяйсьняе малы ўваход. Малы ўваход уяўляе з сябе працэсію вакол прастолу-алтара з выхадам з-за іканастасу праз «дыяканскія (паўночныя) дзьверы». Першым ідзе сьвечканосец, за ім дыякан з кадзілам, а пасля яго сьвятар. Працэсія затрымоўваецца перад «царскімі дзвярамі», а сьвятар у гэты час моліцца ціха спецыяльнай малітвай уваходу.

Пасля таго як сканчваецца сьпяваньне багародзічнага, дыякан сьпявае вокліч (акламацыю): «Мудрасьць, устаньце!». Запальваецца ў храме сьвятло і сьпяваецца старажытны гімн Сьвятло лагоднае.

На гэтым я хачу прыпыніцца, каб у наступнай перадачы працягнуць свой аповед пра цудоўнае багаслужэньне ў бізантыйскай традыцыі – вячэрню. Шаноўныя сябры, вы слухалі перадачу «З сэрцам у кантаце» і мяне, яе вядучага а. Андрэя Буйніча.

Лістуйце на мэйл: zsercam@gmail.com . Да хуткай сустрэчы!








All the contents on this site are copyrighted ©.