2012-04-07 15:12:19

Бэнэдыкт XVI ахрысціць жанчыну з Туркменістана


RealAudioMP3 Жанчына з Туркменістана будзе сярод васьмі дарослых асобаў, якім Бэнэдыкт XVI удзеліць сакрамэнт хросту і канфірмацыі падчас сённяшняй літургіі Пасхальнай Втгіліі. Аб гэтым у інтэрв’ю нашаму радыё распавёў а. Анджэй Мадэй, аблат Марыі Беззаганнай, кіраўнік місіі “sui iuris” у Туркменістане, які, дарэчы, будзе хросным Вікторыі. Айцец Анджэй адзначыў, што жанчына нарадзілася ў армянскай сям’і ў Азербайджане, але напрыканцы 80-х гг., у сувязі з пачаткам пераследу армян у гэтай краіне, яе бацькі былі вымушаны пакінуць Баку. “Яны пераехалі ў Туркменістан і пасяліліся ў Нэбіт-Даху, сённяшнім Балканабадзе. Два гады таму яна разам з бацькамі пераехала ў Расію. Нам атрымалася знайсці для яе стыпендыю для навучання ў Папскім Латэранскім універсітэце і менавіта тут яна падрыхтавалася да прыняцця сакрамэнту хросту”, - расказаў а. Анджэй Мадэй.

Святар адзначыў, што прыняцце хросту з рук Святога Айца прадстаўніцай Туркменістана з’яўляецца вялікай радасцю для ўсёй каталіцкай супольнасці ў гэтай краіне. Ён падкрсэліў, што на сённяшні дзень у Туркменістане да хросту рыхтуюцца 14 чалавек.

Першыя структуры Каталіцкага Касцёла ў гэтай краіне паўсталі 20 гадоў таму, калі 13 красавіка 1991 г. Ян Павел ІІ стварыў Апостальскую адміністратуру Казахстана з сядзібай у Карагандзе, якая ахоплівала ўсю тагачасную Цэнтральную Азію. 29 верасня 1997 г. Святы Айцец заснаваў місію “sui iuris” для Таджыкістана, Туркменістана і Узбекістана, а 22 снежня таго ж года для Кіргізіі. Пастырскую апеку над вернікамі ў Туркменістане Папа даручыў айцам аблатам, да якіх належыць а. Анджэй Мадэй.








All the contents on this site are copyrighted ©.