2012-04-06 15:05:44

Нунцый у Ізраілі лічыць, што трэба святкаваць Вялікдзень па праваслаўным календары


RealAudioMP3 Апостальскі Нунцый у Ізраілі і Палестыне, арцыбіскуп Антоніо Франко, распавёў агенцтву “AsiaNews”, што сведчанне веры хрысціян Святой Зямлі мае важнае значэнне для невялікіх хрысціянскіх супольнасцяў арабскага свету, куды вяртаецца ісламскі радыкалізм. Арцыбіскуп адзначыў, што ў гэтым годзе святкаванні Вялікага Тыдня праходзяць нашмат спакойней, чым у мінулыя гады, нягледзячы на атмасферу насілля ў многіх краінах гэтага рэгіёну, асабліва ў Сірыі. Іерарх паведаміў, што ў працэсіі падчас Пальмовай нядзелі, якая прайшла з Бэтаніі ў Іерусалім, прыняло ўдзел больш за 20 тыс. вернікаў, у два разы больш, чым у мінулым годзе.

Адносна прапановы францішканскага кусташа Святой Зямлі, айца П’ербацісты Піццабаллы, які прапанаваў, каб з 2013 г. католікі святкавалі Вялікдзень па праваслаўным календары, арцыбіскуп Франко адзначыў, што гэта змена выклікана жаданнем умацаваць экуменічныя адносіны паміж двума супольнасцямі, але таксама і па душпастырскіх прычынах, бо ў Святой Зямлі пражывае вялікая колькасць змешаныя сем’яў. Іерарх заявіў, што такая практыка ўжо існуе ў Іарданіі, дзе католікі і праваслаўныя будуць разам адзначаць Вялікдзень 15 красавіка, а таксама ў некаторыях супольнасцях на палестынскіх тэрыторыях.








All the contents on this site are copyrighted ©.