2012-04-05 13:40:31

Урад ЗША занепакоены станам рэлігійнай свабоды ў свеце


RealAudioMP3 Камісія па рэлігійнай свабодзе ў свеце пры ўрадзе ЗША апублікавала штогадовы даклад. Дакумент змяшчае падрабязную інфармацыю аб краінах, дзе рэлігійная свабода знаходзілася пад пагрозай. Даследаванне праводзілася з красавіка 2011 г. па люты 2012 г. На самым пачатку аўтары крытыкуюць кіраўніцтва ЗША за зніжэнне актыўнасці ў забеспячэнні рэлігійнай свабоды ў свеце. Яны звяртаюць увагу перш за ўсё на дзве краіны, дзе існуе “вялікая рызыка” для рэлігійнай свабоды: Саўдаўскую Аравію і Узбекістан.

У даследаванні аналізуюцца вынікі “арабскай вясны” у Егіпце і сцвярджаецца, што яна паўплывала да пагаршэння сітуацыі са свабодай вызнання веры. Прыводзяцца прыклады шматлікіх нападаў на хрысціянскія храмы і адсутнасць рэакцыі з боку егіпецкіх уладаў.

Аўтары звяртаюць увагу на небяспечную сітуацыю ў Нігерыі, дзе хрысціяне становяцца мэтай нападаў экстрэмісцкай ісламскай групоўкі “Бока Харам”. Паводле дакладу, з 1999 г. больш за 14 тыс. нігерыйцаў былі забіты ў міжрэлігійных канфліктах.

Камісія абвінаваціла ўрад Пакістана ў прыхільным стаўленні да “сістэматычнага парушэння рэлігійнай свабоды ў краіне”. Асобная частка справаздачы прысвечана хрысціянскай моладзі ў Пакістане, якая знаходзіцца пад пагрозай выкрадання і пераследу. Паводле звестак неўрадавых каталіцкіх арганізацый, кожны год у краіне выкрадаюцца больш за 700 дзяўчат для прымусовых шлюбаў і звязанага з гэтым прымусовага прыняцця ісламу, падкрэсліваецца ў дакладзе Камісіі па рэлігійнай свабодзе пры ўрадзе ЗША.








All the contents on this site are copyrighted ©.