2012-04-05 11:51:15

Бэнэдыкт XVI падчас св. Імшы Хрызмы: ці непаслухмянасць – гэта сапраўды шлях Касцёла?


RealAudioMP3 “Ці з’яўляецца непаслухмянасць шляхам аднаўлення Касцёла?”, - з такім пытаннем звярнуўся Бэнэдыкт XVI да ўдзельнікаў св. Імшы Хрызмы ў базыліцы св. Пятра. Ён узначаліў літургію 5 красавіка раніцай, у якой прынялі ўдзел шматлікія іерархі і святары. У сваёй гаміліі Святы Айцец звярнуў увагу на пагрозу сапраўднаму выкананню місіі Касцёла, якая ўзнікае з прычыны непаслухмянасці святароў. Пантыфік адзначыў, што ўмовай для абнаўлення Касцёла з’яўляецца “упадабленне Хрысту, які не пануе, але служыць, не бярэ, але дае”. Бэнэдыкт XVI узгадаў аб ініцыятыве групы святароў, якія ў чэрвені 2011 г. апублікавалі “заклік да непаслухмянасці”. У ім яны заахвоцілі да ігнаравання некаторых важных прынцыпаў каталіцкага навучання, такія як цэлібат, забарону на святарскія пасвячэнні жанчын ці ўдзяленне св. Камуніі разведзенным асобам, якія паўторна ажаніліся.

“Ці непаслухмянасць – гэта сапраўды шлях? Ці ёсць у ёй нешта падобнае на наследаванне Хрыста, які з’яўляецца ўмовай сапраўднага аднаўлення? Ці гэта толькі адчайнае імкненне рабіць нешта, змяняць Касцёл паводле нашых жаданняў і задумаў?”, - спытаў Святы Айцец.

Бэнэдыкт XVI нагадаў аб паслухмянасці Хрыста волі Бога, якая рэалізавалася пра крыж і пакуты. Пантыфік падкрэсліў, што абнаўленне патрабуе радасці веры, радыкальнай паслухмянасці, дынамікі надзеі і любові. Акрамя таго, Святы Айцец заклікаў углядацца ў прыклад святых, “які паказваюць, што Бог не глядзіць на вялікія лічбы і на ўнутраныя поспехі, але выяўляе сваю перамогу ў пакорным знаку зярнятка гарчыцы”.

Папа заахвоціў іерархаў і святароў, ва ўмовах пануючай “рэлігійнай неадукаванасці”, карыстацца ў сваім служэнні навучаннем Касцёла і асабліва багатай спадчынай бл. Яна Паўла ІІ, абвяшчаць Хрыста, а не саміх сябе, клапаціцца не толькі аб матэрыяльных патрэбах людзей, але перш за ўсё духоўных.








All the contents on this site are copyrighted ©.