2012-04-05 18:32:45

Бэнэдыкт XVI: Вялікі Чацвер – не толькі ўспамін устанаўлення Эўхарыстыі, але і адзіноты Езуса


RealAudioMP3 5 красавіка вечарам Бэнэдыкт XVI узначаліў св. Імшу Вячэры Пана, якая адбылася ў Папскай базыліцы св. Яна на Латэране. Падчас літургіі Святы Айцец абмыў ногі дванаццаці святарам Рымскай дыяцэзіі на ўспамін учынку, які здзейсніў Езус Хрыстус падчас апошняй вячэры са сваімі вучнямі. У момант прынясення дароў Пантыфіку былі перададзены ахвяраванні, прызначаныя для дапамогі бежанцам з Сірыі. На заканчэнне Эўхарыстыі адбылася працэсія з Насвяцейшым Сакрамэнтам, якая закончылася ў бакавой капліцы св. Францішка. У сваёй гаміліі Папа адзначыў, што ў Вялікі Чацвер Езус не толькі ўстанавіў сакрамэнт Эўхарыстыі, што безумоўна з’яўляецца галоўнай падзеяй, але таксама перажыў момант адзіноты і пакінутасці, калі накіраваўся для малітвы ў Аліўны сад, быў здраджаны Юдам і быў арыштаваны, перажыў здраду Пятра, абвінавачванні сінэдрыёна і нарэшце быў перададзены ў рукі язычнікаў, Понція Пілата. Святы Айцец заклікаў вернікаў зразумець глыбокі сэнс гэтых падзей, бо ў іх заключаецца таямніца нашага адкуплення. Папа адзначыў, што Езус, “святло і праўда”, увайшоў у ноч, сімвал смерці, “каб перамагчы яе і даць пачатак новаму дню Бога ў гісторыі чалавецтва”.

Бэнэдыкт XVI адзначыў, што вучні Хрыста былі сведкамі яго малітвы і блізкіх адносін з Богам. Гэта, на думку Пантыфіка, зрабіла на іх такое вялікае ўражанне, што яны на ўсё жыццё засталіся хрысціянамі. Папа заклікаў вучыцца ад Хрыста малітве і даверу да Бога і падкрэсліў, што менавіта блізкія адносіны з Богам Айцом характэрызуюць асобу Езуса.

Святы Айцец адзначыў, што Езус сваёй малітвай паказаў, што выкананне волі Бога Айца робіць чалавека свабодным. “Папросім Пана прывесці нас да “ТАК” сказанага волі Бога, што зробіць нас па-сапраўднаму свабоднымі”, - сказаў Бэнэдыкт XVI.







All the contents on this site are copyrighted ©.