2012-04-04 13:29:29

Бэнэдыкт XVI падзяліўся ўражаннямі ад візіту ў Мексіку і на Кубу


RealAudioMP3 4 красавіка Бэнэдыкт XVI прысвяціў сваю катэхезу падчас агульнай аўдыенцыі сваім уражанням ад Апостальскага падарожжа ў Мексіку і на Кубу. Папа наведаў гэтыя краіны 23-29 сакавіка. Ён адзначыў, што глыбока ўдзячны Богу за магчымасць наведаць народы, “якія захоўваюць глыбокую памяць аб візіце бл. Яна Паўла ІІ”. Святы Айцец адзначыў, што нагодамі для яго падарожжа стала 200-годдзе незалежнасці Мексікі і іншых лацінаамерыканскіх краін, 20-годдзе дыпламатычных адносін паміж Апостальскай Сталіцай і Мексікай, 400-годдзе адшукання фігуры Маці Божай Міласэрнасці з Эль Кобрэ на Кубе. “Таму я хацеў духоўна абняць увесь кантынент і заклікаць яго жыхароў жыць разам у надзеі і канкрэтнай супольнай дзейнасці для лепшай будучыні”,- сказаў Бэнэдыкт XVI. Гаворачы аб месцах, якія наведаў падчас Апостальскага візіта, Папа адзначыў, што ў мексіканскім Леоне ён сустрэў вялікую колькасць людзей, якая ўразіла яго цяплынёй прыёму. Пантыфік нагадаў аб сустрэчы з мясцовымі святарамі, кансэкраванымі асобамі і шматлікімі свецкімі. “У прысутнасці членаў розных устаноў, шматлікіх біскупаў і прадстаўнікоў грамадсткасці я заклікаў да неабходнасці прызнання і абароны фундаментальных правоў чалавека, сярод якіх права на свабоду перавызнання. Я выказаў маю блізасць тым, хто пакутуе ад сацыяльных праблем, старых і новых канфліктаў, карупцыі і насілля”, - сказаў Святы Айцец.

Нагадаўшы аб сустрэчы з мексіканскімі дзецьмі, Папа адзначыў, што іх радасць, позіркі і жэсты “выражалі моцнае жаданне жыцця ў згодзе, супакоі і гармоніі, у грамадстве больш справядлівым і мірным”.

“Вучні Пана павінны ўзрастаць у радасці быцця хрысціянамі і прыналежнасці да Касцёла. Ад гэтай радасці нараджаецца энергія, неабходная для служэння Хрысту ў цяжкіх сітуацыях і пакутах”, - нагадаў Бэнэдыкт XVI свае словы прамоўленыя падчас св. Імшы ў Леоне. Папа адзначыў таксама, што апошнім пунктам праграмы Апостальскага візіту ў Мексіку стала малітоўнай сустрэча з біскупамі Лацінскай Амерыкі. Падчас яе Святы Айцец выразіў падтрымку іх дзейнасці перад абліччам шматлікіх выклікаў і цяжкасцяў і падзякаваў, асабліва тым, “хто сее Евангелле ў складаных умовах непазбаўленых абмежаванняў”.

Гаворачы аб кубінскай частцы свайго Апостальскага падарожжа Папа сказаў, што адной з яго галоўных мэтаў было падтрыманне дзейнасці Каталіцкага Касцёла, “які з радасцю выконвае сваю місію нягледзячы на беднасць сродкаў і існуючыя цяжкасці, звязаныя з магчымасцю рэлігійнага і адукацыйнага служэння ў грамадскай сферы”. “Я запэўніў мясцовы Касцёл, што Папа носіць у сэрцы праблемы і жаданні кубінцаў, асабліва тых, хто пакутуе ад недахопу свабоды”, - сказаў Пантыфік.

Бэнэдыкт XVI адзначыў, што падчас св. Імшы ў санктуарыі Маці Божай Міласэрнасці ў Эль Кобрэ, апякункі Кубы, ён заклікаў католікаў і усіх жыхароў вострава будаваць адноўленае і адкрытае грамадства, у якім будзе месца для Бога, “бо дзе няма Бога, там свет перамяняецца ў негасціннае для чалавека месца”.

“Я нагадаў усім, што Куба і свет маюць патрэбу ў пераменах, але яны адбудуцца толькі тады, калі кожны адкрыецца на інтэгральную праўду аб чалавеку, што з’яўляецца неабходнай умовай для дасягнення свабоды, а таксама пачне сеяць вакол сябе прымірэнне і братэрства, будуючы сваё жыццё на Хрысце: толькі Ён можа развеяць цемру памылак, дапамагаючы нам перамагчы зло і ўсё, што на нас цісне”, - сказаў Бэнэдыкт XVI.

Папа нагадаў, што на заканчэнне свайго візіту на Кубу, ён заахвоціў усіх прадстаўнікоў грамадства да шчырага супрацоўнітва і дыялогу дзеля дабра сваёй Айчыны.

Напрыканцы катэхезы Святы Айцец адзначыў, што заўтра вечарам, св. Імшой Вячэры Пана, пачнецца Пасхальны Трыдуум. Ён запрасіў вернікаў актыўна ўдзельнічаць у набажэнствах гэтага перыяду і дазволіць перамяніць сябе любоўю Бога.

Пасля катэхезы Папа прывітаў шматлікіх пілігрымах на розных мовах, а таксама звярнуўся з заклікам у сувязі з Міжнародным днём барацьбы з супрацьпяхотнымі мінамі. Бэнэдыкт XVI выразіў свае спачуванні ахвярам гэтага віду зброі і іх сем’ям і заклікаў спыніць іх ужыванне.








All the contents on this site are copyrighted ©.