2012-04-03 14:02:38

Патрыярх Барталамей І занепакоены антыэкуменічнымі настроямі ў Царкве Грэцыі


RealAudioMP3 Патрыярх Канстантынопальскі Барталамей І выказаў заклапочанасць і смутак з прычын антыэкуменічных заяваў некаторых грэцкіх праваслаўных іерархаў. У лісце да архіепіскапа Афінскага і ўсёй Грэцыі Гераніма ён выказаў занепакоенасць, што такое стаўленне “можа паставіць пад пагрозу адзінства Царквы ў цэлым і адзінства Праваслаўнай Царквы ў прыватнасці”. Прычынай заявы сталі паводзіны некаторых грэцкіх праваслаўных біскупаў, якія ў апошнія дні паддалі крытыцы Царкву Грэцыі за ўдзел у міжнародным экуменічным руху і правядзенне праваслаўнымі двухбаковых і шматбаковых тэалагічных дыялогаў з хрысціянамі іншых канфесій.

Духоўны лідэр сусветнага праваслаўя заявіў у сваім лісце, што да гэтага часу заявы крытыкуючыя экуменізм з’яўляліся ў Царкве Грэцыі ў “абмежаваным маштабе”, але тое, што адбылося ў апошні час, “дасягнула непрымальнага ўзроўню”. Барталамей І спасылаецца на нядаўнюю паставу Мітрапаліта Пірэй Серафіна, які 4 сакавіка паддаў анафеме папу Бэнэдыкта XVI і “тых, хто з ім”, а таксама пратэстантаў, прыхільнікаў і ўдзельнікаў экуменічнага руху, а таксама юдэяў і мусульман. Гэта адбылося падчас літургіі ў першую нядзелю Вялікага Посту, якая таксама называецца Нядзеляй Трыумфу Праваслаўя.

Патрыярх Канстантынопальскі заклікаў арцыбіскупа Афінскага і Святы Сінод Грэцкай Царквы, які ён узначальвае, афіцыйна абвергнуць і асудзіць гэтыя неапраўданыя і небяспечныя заявы і дзеянні. Па словах Патрыярха, яны знаходзяцца ў супярэчнасці з рашэннямі, прынятымі сумесна Праваслаўнымі Цэрквамі. Прадстаяцель напісаў, што “маючы на ўвазе адказ і афіцыйную пазіцыю Царквы Грэцыі, пакідае за сабой права прыняць меры на агульнаправаслаўным узроўні, каб прадухіліць паўтарэнне падобнай сітуацыі”.







All the contents on this site are copyrighted ©.