2012-04-02 15:37:35

Арцыбіскуп Кандрусевіч занепакоены заканадаўчымі тэндэнцыямі ў Беларусі


RealAudioMP3 2 красавіка, напярэданні Вялікадня, па традыцыі, з беларускімі журналістамі сустрэўся Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч. Тэма размовы – у гэтую нядзелю католікі ўсяго свету адзначаць Уваскрасенне Хрыста – галоўную ўрачыстасць хрысціянства. Але ў календары Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, працоўным, амаль кожны месяц – значныя мерапрыемствы, аб якіх і распавёў іерарх. Ужо ў красавіку ў Пінску будуць адзначаць 80-годзе смерці біскупа Зыгмунта Лазінскага. Напрыканцы мая адбудзецца працэсія Божага Цела па вуліцах Мінска. 3 чэрвеня ў Італіі пройдзе 7-ая Міжнародная сустрэча сем’яў, удзел у якой прыме і дэлегація з Беларусі.

Мітрапаліт адзначыў сваю занепакоенасць некаторымі тэндэнцыямі ў беларускім заканадаўстве. Католікі вельмі занепакоены прыняццем законапраекту аб рэпрадуктыўных тэхналогіях. Таксама Міністэрства адукацыі краіны выйшла з прапановай забараніць выкарыстанне рэлігійных сімвалаў у пачатковай школе. Іерарха непакояць папулярызацыя ідэі гендэрнага равенства на заходні манер. “Некоторыя краіны ўжо прынялі законы, дзе выкарыстоўваецца тэрміналогія: бацька №1, бацька №2. Некаторыя хочуць увесці 5 палоў – мужчынскі, жаночы, умоўна мужчынскі, умоўна жаночы і ніякі. Згодна з сацыяным навучэннем Касцёла, мы не падтрымліваем гэту тэндэнцыю”, - заявіў арцыбіскуп.

Мітрапаліт Кандрусевіч адказаў і на пытанні журналістаў аб прадленні тэрміну працы ў Беларусі замежных святароў. Інфармацыі аб тым, што камусьці не далі візаў – няма, заявіў іерарх. На пытанне аб палітычных вязнях іерарх адказаў, што да палітыкі Каталіцкі Касцёл адносін не мае, справа Касцёла – духоўнае акармленне вернікаў. Мітрапаліт паведаміў, што ў верасні ў Беларусі пройдзе Першы кангрэс каталіцкіх СМІ, на які будуць запрошаны шматлікія прадстаўнікі масс-медыя.







All the contents on this site are copyrighted ©.