2012-03-31 11:33:16

Кардынал Таран: Бэнэдыкт ХVI заклапочаны сітуацыяй у Нігерыі


RealAudioMP3 Кардынал Жан Луі Таран, старшыня Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу, знаходзіцца з 10-дзённым візітам у Нігерыі. 25 сакавіка іерарх прыняў удзел у сустрэчы, якую арганізаваў арцыбіскуп Джоса Ігнацыюс Каігама, старшыня Канферэнцыі Біскупаў Нігерыі. У сваім выступленні ватыканскі іерарх выказаў заклапочанасць Бэнэдыкта ХVI сітуацыяй ў Нігерыі, асабліва ў Джосе, сталіцы штата Плато. Тут адбыліся крывавыя сутыкненні на рэлігійнай і нацыянальнай глебе. Іерарх адзначыў, што “калі хтосьці вызнае іншую рэлігію, я павінен зразумець гэта і мець павагу да рэлігіі гэтага чалавека і яго асабіста. Але ён, у сваю чаргу, таксама павінен паважаць і разумець мяне і тое, што вызнае мая рэлігія”. Паводле кардынала Тарана, гэта з’яўляецца асновай чалавечага суіснавання.

У сваю чаргу арцыбіскуп Каігама падкрэсліў, што адзінства з’яўляецца неабходным фундаментам для мірнага сусінавання народу і развіцця краіны. Іерарх адзначыў, што намаганні рэлігійных і палітычных лідэраў краіны і жыхароў Джоса выразна паказваюць, што насельніцтва штата Плато хоча жыць разам у спакоі і гармоніі. Арцыбіскуп падкрэсліў неабходнасць дыялогу паміж рэлігійнымі лідэрамі і простымі людзьмі. Гэта, на яго думку, адзіны спосаб знайсці вырашэнне этнічна-палітычных і рэлігійных праблем у штаце Джоса і ўсёй краіне.

У сустрэчы з кардыналам Таранам прынялі ўдзел таксама лідэры мясцовых ісламскіх супольнасцяў, якія падкрэслілі неабходнасць сумеснага шукання шляхоў мірнага суіснавання.








All the contents on this site are copyrighted ©.