2012-03-31 12:48:07

Канферэнцыя па ствалавых клетках адкладзена


RealAudioMP3 Запланаваная на канец красавіка канферэнцыя Папскай акадэміі ў абарону жыцця (Pontificia Accademia “Pro vita”) па даследаваннях у галіне дарослых ствалавых клетак будзе перанесена на больш позні тэрмін. Касцёл у любым выпадку будзе працягваць дыялог з даследчыкамі, заявіў кіраўнік каардынацыйнага бюро Папскай акадэміі Скот Боргман. Сустрэча была адменена з-за фінансавых і арганізацыйных прычын. Трэба больш часу, больш намаганняў і лепшыя спонсары, каб арганізаваць на належныі узроўні “ІІІ Міжнародны кангрэс па адказных даследаваннях на ствалавых клетках”, паведаміў Боргман. Ён абверг паведамленні СМІ аб тым, што форум быў адменены з-за двух выступоўцаў, якія вялі працы з эмбрыянальнымі ствалавымі клеткамі, чаго не дапускае Касцёл. Боргман прызнаўся, што былі пэўныя рознагалоссі, аднак, не гэта стала прычынай перанясення канкрэса. На яго думку, трэба весці дыялог таксама з даследчыкамі, якія не звязаны з Касцёлам.

Усе выступоўцы павінны дзяліцца сваім досведам толькі адносна даследаванняў на дарослых, а не эмбрыянальных ствалавых клетках, даў зразумець каардынатар мерапрыемства. Каталіцкі Касцёл жадае разглядзець розныя пункты гледжання ў галіне даследавання на ствалавых клетках і сумясціць падыходы да іх з хрысціянскай этыкай.

Пакуль няма новай даты кангрэсу. Да 45 дакладчыкаў і каля 140 зарэгістраваных удзельнікаў будуць высланы лісты з паведамленнем аб пераносе форуму і ўказаннем прычын такога рашэння.
Папская акадэмія ў абарону жыцця была заснавана ў 1994 г. як кансультатыўны орган для пазіцыі Касцёла ў сферы абароны жыцця і біямедыцынскіх тэхналогій. Члены Акадэміі прызначаюцца асабіста Святым Айцом.







All the contents on this site are copyrighted ©.