2012-03-30 15:22:07

Юдэйска-каталіцкая камісія пра крызіс: прабачыць пазыкі сем’ям і асобным людзям


RealAudioMP3 27-29 сакавіка ў Рыме праходзіла пасяджэнне двухбаковай юдэйска-каталіцкай камісіі, у якую ўваходзяць прадстаўнікі Галоўнага рабіната Ізраіля і Камісіі Апостальскай Сталіцы па рэлігійных адносінах з юдаізмам.У форуме прымалі ўдзел між іншым Яшув Коэн, галоўны рабін Хайфы, кардынал Пэтэр Тарксан, старшыня Папскай рады “Iustitia et pax” і кардынал Курт Кох, старшыня Камісіі па рэлігійным дыялогу з юдаізмам. Форум прайшоў на тэму “Рэлігійнага погляду на сучасны фінансавы крызіс: бачанне справядлівага эканамічнага парадку”. Спецыяльным госцем сустрэчы быў дырэктар Інстытута рэлігійных спраў Апостальскай Сталіцы, больш вядомага як Ватыканскі банк, Этторэ Гоццы Тэдэскі. Ён падзяліўся з юдэйскімі і каталіцкімі прадстаўнікамі сваімі думкамі наконт прычын фінансавага крызісу і магчымых шляхах яго пераадолення.

Удзельнікі форума пагадзіліся, што асноўнай прычынай крызіса з’яўляецца культура прагавітасці і недахоп праўды і празрыстасці ў эканамічнай дзейнасці. На думку членаў юдэйска-каталіцкай камісіі, мэтай эканамічнага парадку павінна быць служэнне дабрабыту грамадства і годнасці чалавечай асобы. Удзельнікі сустрэчы заклікалі звярнуць увагу на неабходнасць клопату аб неабароненых групах грамадства і прыняцце краінамі з развітымі эканомікамі адказнасці за бедныя краіны.

“Падобна таму, як крызіс патрабуе частковага прабачэння пазыкаў на нацыянальным і міжнародным узроўнях, ёсць неабходнасць рабіць гэта таксама ў адносінах да сем’яў і асобных людзей, для іх самастойнай эканамічнай рэабілітацыі”, - гаворыцца ў спецыяльным паведамленні апублікаваным на заканчэнне сустрэчы.








All the contents on this site are copyrighted ©.