2012-03-30 13:37:27

Бэнэдыкт XVI прысутнічаў на апошнім велікапостным казанні айца Канталамесы


RealAudioMP3 30 сакавіка Бэнэдыкт XVI разам з супрацоўнікамі Рымскай курыі прысутнічаў на чацьвёртым велікапостным казанні прапаведніка Папскага дома айца Раньера Канталамесы. Яно было прысвечана ўкладу Доктара Касцёла св. Грыгорыя з Нысы ў пошук шляхоў разумення Бога. Менавіта гэты святы першым адкрыў, што шлях пазнання Бога заключаецца “у бачанні таго, што Ён небачны”. У якасці нагляднага прыкладу, айцец Канталамеса выкарыстаў выяву Майсея, які падняўся на гару Сінай і сустрэў Бога ў воблаку, у якім нічога не было бачна. Айцец Канталамеса адзначыў, што ў пошуку Бога неабходна ведаць аб тым, што існуюць рэчы, якія пераўзыходзяць магчымасці нашага розуму. “У акце веры чалавек не адмаўляецца ад сваёй рацыянальнасці, але пераўзыходзіць яе, а гэта абсалютна розныя рэчы”, - падкрэсліў прапаведніка Папскага дома. Цытуючы Паскаля айцец Канталамеса адзначыў, што веруючы чалавек дазваляе свайму розуму здзейсніць самы шляхетны акт, які заключаецца ў тым, каб “прызнаць, што існуе бясконцасць, якая яго пераўзыходзіць”.

На думку а. Канталамесы, няздольнасць розума пазнаць Бога, ніколькі не прыніжае яго. “Гэта неспазнавальнасць існуе для таго, каб напоўніць чалавека энтузіязмам і радасцю; яна дэманструе, што Бог нашмат больш вялікі, прыгожы, добры, чым мы можам уявіць сабе”, - падкрэсліў айцец Канталамеса ў сваім апошнім велікапосным казанні да Папы і Рымскай курыі.








All the contents on this site are copyrighted ©.