Кіраўнік Службы папскіх
літургічных цэлебрацый кс. прэлат Гвідо Марыні паведаміў 27 сакавіка аб падрабязнасцях
удзелу Папы ў перадпасхальных і пасхальных літургічных цэлебрацыях. Святы Айцец возьме
ўдзел ва ўсіх набажэнствах Вялікага тыдня. У св. Імшы ў Пальмовую нядзелю прыме ўдзел
рымская моладзь, якая разам з аднагодкамі з іншых частак свету возьме ўдзел у Дыяцэзіяльным
дні моладзі. У Вялікі чацвер, 5 красавіка, Пантыфік узначаліць два набажэнствы: раніцай
св. Імшу крыжма ў базіліцы св. Пятра і вечарам св. Імшу Вячэры Пана ў базіліцы св.
Яна на Латэране. На працягу апошняй Папа абмые ногі 12 святарам Рымскай дыяцэзіі.
Падчас св. Імшы крыжма каля 1600 святароў, біскупаў і кардыналаў пацвердзяць свае
святарскія абяцанні.
У Вялікую пятніцу, 6 красавіка, пасля пакутнага набажэнства,
Пантыфік позна вечарам возьме ўдзел у Крыжовым шляху ў Калізеі.
7 красавіка
Святы Айцец узначаліць літургію Пасхальнай Вігіліі ў базыліцы святога Пятра, а раніцай
8 красавіка будзе цэлебраваць св. Імшу ў Нядзелю Уваскрасення Пана. Адметнасцю стане
прачытанне Евангелля падчас набажэнства на двух мовах: лацінскай і грэцкай, што стане
падкрэсленнем універсальнасці Касцёла. Пасля св. Імшы Бэнэдыкт XVI удзеліць благаслаўленне
“Urbi et orbi” і павіншуе хрысціян з Вялікаднем на больш чым 60 мовах.