2012-03-27 11:25:01

Кс. Ламбардзі: існуе магчымасць сустрэчы Папы з Фідэлем Кастра


RealAudioMP3 Бэнэдыкт XVI прыемна здзіўлены цёплым прыёмам і вялікай колькасцю людзей, якія чакалі яго на Кубе, - сказаў падчас брыфінгу з журналістамі 26 сакавіка кіраўнік Залі Друку Апостальскай Сталіцы кс. Фэдэрыка Ламбардзі. Як заявіў кс. Ламбардзі, у св. Імшы на плошчы імя Антоніо Масео ў Санц’яга дэ Куба прынялі ўдзел больш за 200 тыс. чалавек. Гаворачы пра самапачуццё Папы, ён адзначыў, што Бэнэдыкт XVI адчувае сябе добра, хоць падчас набажэнства можна было ўбачыць некаторую стомленасць выкліканую падарожжам.
Кс. Ламбардзі абверг паведамленні, што прабываючы ў гэтыя дні на Кубе Прэзідэнт Венесуэлы Уга Чавес, нібыта прасіў аўдыенцыі ў Папы. “Але калі Чавес захоча, можа ўдзельнічаць у св. Імшы”, - сказаў святар. Адказваючы на пытанне аб магчымасці сустрэчы Святога Айца з Фідэлем Кастра - адзначыў, што такая магчымасць існуе, і Папа гатовы да такой сустрэчы, хоць на дадзены момант няма дакладнай інфармацыі на гэту тэму.

Прадстаўнік Ватыкана пацвердзіў, што ўчора на пачатку св. Імшы на подыўм, на якім адбывалася набажэнства, падышоў малады чалавек, выкрыкваючы лозунгі супраць камунізму і заклікаючы да дэмакратычных свабодаў у сваёй краіне. Інцыдэнт доўжыўся хвіліну або дзве і хутка скончыўся. Адказваючы на пытанне аб магчымасці дэманстрацыі апазіцыйных поглядаў, кс. Ламбардзі адзначыў, што кожны чалавек мае права выказаць сваё меркаванне, але ў гэтым выпадку гаворка ішла аб сітуацыі, калі чалавек перашкаджаў падчас літургічнай цырымоніі.







All the contents on this site are copyrighted ©.