2012-03-24 11:01:45

Папа прывітаў удзельнікаў канферэнцыі ў Лурдзе


RealAudioMP3 Бэнэдыкт XVI заклікаў з энтузіазмам сведчыць аб прыгажосці веры. З такімі словамі Папа звярнуўся да ўдзельнікаў канферэнцыі “Радасць і надзея”, якая пачалася 24 сакавіка ў Лурдзе. Яна арганізавана Канферэнцыяй Біскупаў Францыі, каб годна адсвяткаваць 50-годдзе з дня адкрыцця ІІ Ватыканскага Сабора. У двухдзённым мерапрыемстве прымуць удзел каля 2,5 тыс. біскупаў, святароў, дыяканаў і свецкіх. Дэвіз сустрэчы: “Радасць і надзея”, нагадвае аб адным з самых важных дакументаў Сабора – пастырскай канстытуцыі пра Касцёл ў сучасным свеце “Gaudium et spes”. Мэта форума заключаецца ў тым, каб “патлумачыць католікам, якім чынам ІІ Ватыканскі Сабор абнавіў іх спосаб быцця хрысціянамі”, а таксама “паказаць, як Сабор дазволіў Касцёлу падрыхтавацца да перамен, якія адбыліся ў свеце”.

У сваім відэапасланні Папа адзначыў, што ІІ Ватыканскі Сабор “застаецца знакам Бога для нашага часу” і “уяўляе вялікую сілу для будучыні Касцёла”. Святы Айцец выказаў спадзяванне, што канферэнцыя і святкаванне гадавіны Сабора паспрыяюць духоўнаму і пастрыскаму абнаўленню Францыі. Акрамя таго, Пантыфік заклікаў да больш глыбокага вывучэння дакументаў Сабора, “каб зрабіць іх плённымі сёння”.

Бэнэдыкт XVI нагадаў, што аднаўленне Касцёла адбываецца праз сведчанне вернікаў. “Неабходна з энтузіазмам сведчыць аб прыгажосці веры”, - сказаў Папа. Ён звярнуў увагу на прыклад св. Бернадэтты з Лурда і Паліны Жарыко, “якія ўзнялі ў далі Касцёлу новы місіянерскі імпульс”, а таксама св. Жаны Д’арк, “прыклад якой паказвае аб магчымасці нясення Евангелля ў сэрца трагічных падзеі і гісторыі Касцёла”.

Удзельнікі форума ў Лурдзе будуць разважаць над трыма асноўнымі тэмамі: Хрыстус, Касцёл і чалавек. Аб іх будуць прамаўляць у сваіх дакладах французскія іерархі, сярод якіх арцыбіскуп Парыжскі кардынал Андрэ Вэн-Труа. Акрамя таго, удзельнікі мерапрыемства пазнаёмяцца з дзевяццю відэасведчаннямі падрыхтаванымі франзускім каталіцкім тэлебачаннем “KTO”.








All the contents on this site are copyrighted ©.