2012-03-24 14:49:21

Арцыбіскуп Бэчу: улады Кубы ўдзячныя за дзейнасць Касцёла


RealAudioMP3 Субстытут Апостальскай Сталіцы арцыбіскуп Анджэло Бэчу, які з 2009 па 2011 г. быў Апостальскім нунцыем на Кубе, адзначыў, што дыпламатычныя адносіны паміж Святым Пасадам і гэтай краінай ніколі не перапыняліся і існуюць ужо на працягу 75-ці гадоў. Ён падкрэсліў таксама, што асабліва пасля візіта на Кубу бл. Яна Паўла ІІ адносіны паміж Касцёлам і ўладамі сталі больш блізкімі і эфектыўнымі, у выніку чаго Касцёл здолеў атрымаць больш прасторы для сваёй дзейнасці. “Можна сказаць, што Касцёл выйшаў з закрыстыі, дзе быў прымушаны знаходзіцца і пачаў праводзіць вялікую катэхетычную дзейнасць”, - сказаў арцыбіскуп Бэчу. Ён падкрэсліў, што Касцёлу была дадзена магчымасць для ажыццяўлення дабрачыннай дзейнасці і так ён прыцягнуў многіх, нават тых, хто раней адыйшоў ад яго.

Арцыбіскуп Бэчу падкрэсліў важную ролю Касцёла, і асабліва кардынала Артэгі, у вырашэнні шматлікіх сацыяльных праблем краіны. Ён нагадаў, што пасля вялікага ўрагана, які абрушыўся на Кубу ў 2008 г. Касцёл актыўна шукаў дапамогі за мяжой, у міжнародных дабрачынных касцельных арганізацыях, каб дапамагчы людзям, якія панеслі вялікія страты і гэта высока ацаніў ўрад. “Нават калі Касцёл не мае сваіх школ, бальніц, устаноў, ён працягвае ісці шляхам асветленым і ўмацаваным сілай Святога Духа, Евангелля і дабрачыннай дзейнасці. Гэта змяніла сэрцы многіх людзей і яны пачалі захапляцца Касцёлам”, - сказаў былы нунцый на Кубе.








All the contents on this site are copyrighted ©.