Бэнэдыкт ХVI прысутнічаў на трэцім велікапостным казанні
23 сакавіка, перад
пачаткам свайго падарожжа ў Мексіку і на Кубу, Бэнэдыкт ХVI разам з супрацоўнікамі
Рымскай Курыі прысутнічаў на трэцім велікапостным казанні прапаведніка Папскага дому
італьянскага капуцына айца Раньера Канталамесы. Яно было прысвечана Доктару Касцёла
св. Базылю Вялікаму, які жыў у IV ст., і яго навучанню аб боскасці Святога Духа. Айцец
Канталамеса адзначыў, што менавіта Базыль Вялікі разам са сваім братам Грыгорыем з
Нысы быў аўтарам даксалогіі, якую мы ведаем сёння: “Хвала Айцу і Сыну і Святому Духу”.
Яна змяніла ранейшую: “Хвала Айцу праз Сына ў Духу Святым”. “Новая формула больш падкрэслівала
роўнасць трох асоб і іх непадпарадкавальнасць адна адной”, - адзначыў італьянскі капуцын.
Айцец Канталамеса нагадаў, што гэта формула св. Базыля выклікала вялікую дыскусію
сярод тагачасных тэалогаў і святы павінен быў нават бараніцца ад нападак ерэтыкоў.
Прапаведнік Папскага дому падкрэсліў, што паводле св. Базыля дзеянне Святога
Духа заўсёды прысутнічае ў гісторыі збаўлення і кожным сектары жыцця Касцёла. “Як
веруючага чалавека, яго цікавіла дзейнасць Святога Духа ў асабістым жыцці кожнага
хрысціяніна”, - адзначыў айцец Канталамеса. Ён дадаў, што Базыль Вялікі ў сваіх творах
апісвае дзеянне Святога Духа ў працэсе ачышчэння душы ад граху, у яе асвячэнні і набліжэнні
да Бога. У сваім трэцім велікапостным казанні айцец Канталамеса нагадаў таксама, што
св. Базыль з’яўляецца аўтарам адной з першых манаскіх рэгул для ордэну базыліянаў.