Кардынал Бэртонэ: візіт Папы на Кубу паспрыяе дэмакратызацыі краіны
Напярэдадні апостальскага
падарожжа Бэнэдыкта ХVI на Кубу і ў Мексіку 23-29 сакавіка, кардынал Дзяржсакратар
Тарчызіо Бэртонэ даў інтэрв’ю італьянскай газеце “La Stampa”, у якім адзначыў, што
“не верыць у тое, што візіт Святога Айца на Кубу можа быць выкарыстаны кубінскімі
уладамі для сваіх мэтаў, наадварот, ён павінен паспрыяць развіццю дэмакратычных працэсаў
у гэтай краіне”. Іерарх падкрэсліў, што ў будучыні Пантыфік здзейсніць таксама апостальскае
падарожжа ў Азію. Гаворачы аб магчымых атаках Ізраіля на Іран, кардынал Бэртонэ адзначыў,
што “Апостальская Сталіца заўсёды сцвярджала, што шляхам вырашэння розных праблем
і канфліктаў у свеце з’яўляецца толькі дыялог, а не вайна”.
Гаворачы аб кантактах
Апостальскай Сталіцы з Кітаем, кардынал Дзяржсакратар пацвердзіў, што яны існуюць
і “дыялог ніколі не быў спынены, хоць вядзецца часам з вялікімі цяжкасцямі”. Іерарх
адзначыў, што “улічваючы крокі, якія ўжо былі прадпрыняты, не выключаецца, што ў будучыні
можна чакаць сустрэчы паміж прадстаўнікамі Каталіцкага Касцёла і вялікага кітайскага
народа”.
У інтэрв’ю кардынал Бэртонэ звярнуў увагу на тое, што ў Ватыкане адбылася
“уцечка інфармацыі”, якую журналітсы акрэслілі як “vatileaks”. “Некаторыя успрынялі
гэту ўцечку дакументаў як акцыю супраць мяне з мэтай зняславіць мяне перад Папам і
Касцёлам. Асабіста я не разумею гэтай нячаканай агрэсіі”, - заўважыў іерарх. Кардынал
Бэртонэ паінфармаваў, што ў снежні 2009 г., якалі яму споўнілася 75 гадоў, ён папрасіў
Пантыфіка аб адстаўцы. “Папа мне адказаў, што мае поўны давер да мяне і прасіў працягваць
працу. Маё служэнне працягваецца і завершыцца згодна з воляй і рашэннем Бэнэдыкта
ХVI”, - адзначыў кардынал Бэртонэ.