2012-03-22 13:27:23

Арцыбіскуп Леона: навіна аб візіце Папы не заставіла абыякавым нікога


RealAudioMP3 Арцыбіскуп мексіканскага Леона Марцін Рабага паведаміў, што бл. Ян Павел ІІ падчас сваіх пяці апостальскіх падарожжаў у Мексіку не наведваў Гуанахуата і Леон, куды ў бліжэйшыя дні накіруецца Бэнэдыкт XVI. У інтэрв’ю нашаму радыё ён адзначыў, што гэтыя гарады характарызуюцца моцнай каталіцкай традыцыяй. “Каля 94% насельніцтва Леона называе сябе веруючымі. Гэта самы вялікі паказчык у Мексіцы”, - адзначыў іерарх. “У адрозненні ад іншых гарадоў краіны, якія ўжо мелі магчымасць сустрэцца з папай Янам Паўлам ІІ, Леон ніколі не наведваў ні адзін з Рымскіх Пантыфікаў. Навіна аб візіце Папы ўзварушыла ўвесь горад. Ужо бачна мабілізацыя грамадства, дух супрацоўніцтва, адкрытасць людзей на дапамогу і падтрымку ва ўсім, што неабходна для лепшай сустрэчы Бэнэдыкта XVI”, - сказаў іерарх.

Арцыбіскуп Рабага адзначыў, што для ўсёй Лацінскай Амерыкі народная пабожнасць, з’яўляецца характэрным выразам рэлігійнасці. Аднак, на яго думку, неабходная евангелізацыя, якая дапаможа зрабіць веру не толькі эмоцыямі, ці часткай фальклора, але ўкаранёнай у канкрэтных каштоўнасцях сямейнага, грамадскага, палітычнага і эканамічнага жыцця. “Гэта мэта евангелізацыі, якую мы рэалізуем”, - сказаў арцыбіскуп.

Паводле іерарха, падчас свайго візіту Папа будзе заклікаць да стварэння больш салідарнага грамадства, у якім можа нарадзіцца мір, неабходны перад абліччам драматычнай сітуацыі, выкліканай панаваннем насілля. Арцыбіскуп падкрэсліў, што Леон з’яўляецца “адным з самых мірных месцаў у Мексіцы” з найменшым узроўнем злачыннасці.
Гаворачы аб падрыхтоўцы да візіту Святога Айца, арцыбіскуп распавёў, што людзі будуць вітаць Папу згодна з мексіканскімі традыцыямі: спевамі, танцамі, эмоцыямі, воклічамі і слязамі. Ён адзначыў, што народныя музыкальныя калектывы ўжо падрыхтаваліся да таго, каб суправаджаць Папу ў моманты яго перамяшчэння па горадзе.








All the contents on this site are copyrighted ©.