2012-03-20 13:33:45

Беларусь 1000 гадоў без Бібліі


RealAudioMP3 На сучаснай беларускай мове няма ніводнага поўнага перакладу Бібліі, зробленага з арыгінальных біблейскіх моваў – яўрэйскай, арамейскай, грэцкай, заявіла Ірына Дубянецкая – доктар філасофіі і доктар тэалогіі, якая займаецца дадзенай тэматыкай. У інтэрв’ю парталу “TUT.BY”, яна нагадала, што калі казаць пра поўныя пераклады, то на сённяшні дзень ёсць тры беларускія Бібліі. З якіх адна сапраўды зробленая з арыгіналу – гэта Біблія Янкі Станкевіча, перакладзеная ў 1970-я гады. Але гэта пераклад мае дзве праблемы. Першая – гэта Біблія зробленая па пратэстанцкім каноне. І другая – мова Станкевіча, сёння практычна “не ўжывальная” для шырокай публікі. Другі поўны пераклад быў зроблены Васілём Сёмухам, нажаль, не з арыгінальных моваў. І нарэшце, трэці поўны варыянт Бібліі зусім свежы. Гэта выданне Біблійнага таварыства, зробленае на падставе перакладаў ксяндза Уладыслава Чарняўскага. Пераклад рабіўся пераважна з польскай “Бібліі тысячагоддзя”. Гэта карысная праца, але яна не здымае праблему перакладу з арыгіналаў. Ірына Дубянецкая адзначыла, што ўсе суседзі Беларусі ўжо доўгі час маюць Біблію, пераклад якой быў зроблены з арыгінальных моваў.

Яна падкрэсліла, што, калі чалавек хоча зразумець і асэнсаваць Біблію, то чым бліжэй да арыгіналу тэкст – тым лягчэй будзе зразумець і асэнсаваць яго. “Бо ў іншым выпадку вы асэнсоўваеце пераклад з перакладу, дзе маглі адбыцца істотныя змены ў сэнсе тэкста”. Пераклад не з арыгіналу робіцца толькі тады, калі ва ўсёй краіне няма знаўцаў арыгінальных моваў. А ў Беларусі, на думку Дубянецкай, такія людзі ёсць.

Яна падкрэсліла, што пераклад Бібліі – гэта вельмі вялікая праца. І, як паказвае практыка, яна мусіць рабіцца не адным чалавекам, а калектыўна, каб былі прыцягнутыя розныя знаўцы тэмы, моваў, тэкстаў. Ірына Дубянецкая спадзяецца, што некалі збярэцца група спецыялістаў, “якая хацела б працаваць з Бібліяй па-беларуску”.







All the contents on this site are copyrighted ©.