2012-03-20 11:04:34

Апостальская Сталіца скончыла візітацыю Касцёла ў Ірландыі


RealAudioMP3 Апостальская Сталіца скончыла апостальскую візітацыю дыяцэзій, семінарыі і манаскіх кангрэгацый у Ірландыі. Яна праводзілася ў адпаведнасці са спецыяльным паведамленнем ад 6 чэрвеня 2011 г. з мэтай “падтрымаць мясцовы Касцёл на шляху аднаўлення” пасля выпадкаў сексуальных злоўжыванняў некаторых святароў. У спецыяльным паведамленні аб выніках візітацыі адзначаецца, што такім чынам Апостальская Сталіца яшчэ раз выказвае сваю блізасць да ахвяраў злачынстваў, учыненых святарамі і законнікамі. “Візітацыя дала магчымасць ацаніць цяжкасць недахопаў, якія паўплывалі на недастатковае разуменне і рэакцыю, у тым ліку з боку біскупаў і кіраўнікоў манаскіх супольнасцяў, на жудасны феномен сексуальнага выкарыстання непаўналетніх”, - гаворыцца ў дакуменце. Адзначаецца і відавочнасць таго факту, што “пачынаючы з 90-х гадоў, былі зроблены рашучыя крокі наперад, якія прывялі да большага ўсведамлення праблемы і глыбокіх перамен у спосабе іх пераадолення”.

Падкрэсліваецца, што некаторыя прынятыя меры па барацьбе з падобнымі злачынствамі паказалі сваю эфектыўнасць. Сярод іх: удзел вернікаў і касцёльных структур ў адукацыйнай працы і прэвентыўных дзеяннях; супрацоўніцтва са свецкімі ўладамі; пастаяннае інфармаванне Кангрэгацыі Веравучэння аб справах, якія належаць да яе кампетэнцыі.

Акрамя таго, у дакуменце падагульняючым візітацыю адзначаецца, што вядзецца праца па вяртанні да выканання пастырскай дзейнасці святароў, якія былі абвінавачаны фальшыва, а таксама ажыццяўленні кантролю за святарамі і законнікамі, якія былі прызнаны вінаватымі ў злачынствах. Падкрэсліваецца, што візітацыя семінарый дала магчымасць ацаніць працу, якая вядзецца па адпаведнай падрыхтоўцы будучых святароў.








All the contents on this site are copyrighted ©.