2012-03-19 12:02:21

Папа выказаў спачуванні ў сувязі са смерцю Патрыярха Александрыйскага Шэнуды ІІІ


RealAudioMP3 19 сакавіка Бэнэдыкт XVI скіраваў спачувальную тэлеграму ў сувязі са смерцю Патрыярха Александрыйскага Шэнуды ІІІ, які памёр 17 сакавіка. Папа выказаў свае “самыя шчырая братэрскія спачуванні” членам Святога Сінода, а таксама святарам і вернікам Копцскай Праваслаўнай Царквы. “Я з удзячнасцю ўспамінаю аб яго імкненні да хрысціянскага адзінства, яго сустрэчу з маім папярэднікам Паўлам VI і падпісанне 10 мая 1973 г. у Рыме сумеснай Дэкларацыі аб уцелаўленні Сына Божага. Я таксама памятаю яго сустрэчу з бл. Янам Паўлам ІІ, якая адбылася 24 лютага 2000 г. у Каіры, падчас Вялікага Юбілею”, - напісаў Бэнэдыкт XVI. Святы Айцец падкрэсліў, што Каталіцкі Касцёл падзяляе смутак праваслаўных коптаў і ў гарачай малітве просіць Таго, хто з’яўляецца ўваскрасеннем і жыццём, сустрэць Яго вернага слугу. “Няхай Бог у сваёй міласэрнасці дасць яму радасць, мір і святло”, - пажадаў Папа.

Патрыярх Александрыйскі Шэнуда ІІІ з’яўляўся кіраўніком Копцскай Праваслаўнай Царквы з 1971 г. За гэты перыяд яна дасягнула значнага развіцця. Шэнуда ІІІ быў шчырам прыхільнікам хрысціянскага адзінства. За апошнія 1500 гадоў ён першы спасярод лідэраў праваслаўных коптаў сустрэўся з Рымскім Пантыфікам. Гэта адбылося ў 1973 г. падчас пантыфіката Паўла VI.








All the contents on this site are copyrighted ©.