2012-03-18 11:55:28

Папа моліцца аб супакоі душы Патрыярха Александрыйскага Шэнуды ІІІ


RealAudioMP3 17 сакавіка, пасля доўгай хваробы, ва ўзросце 88 гадоў памёр Патрыярх Александрыйскі Шэнуда ІІІ. “Каталіцкі Касцёл з болем далучаецца да малітвы хрысціян коптаў з прычыны смерці свайго рэлігійнага лідэра”, - адзначаецца ў кароткім паведамленні кіраўніка Залі Друку Апостальскай Сталіцы кс. Фэдэрыко Ламбардзі. Ён адзначыў, што Папа быў інфармаваны аб смерці іерарха і далучаецца да малітвы аб супакоі яго душы. “Для ўсіх нас застанецца незабыўнай сустрэча паміж папай Шэнудай Каірскім і папай Янам Паўлам ІІ, падчас яго пілігрымкі на гару Сінай з нагоды Вялікага Юбілея”, - адзначыў кс. Ламбардзі і назваў гэта спатканне “высокім момантам дыялога і сустрэчы ў супольнай веры ў Хрыста”. “Няхай Пан прыме гэтага вялікага пастыра і ўзнагародзіць за яго служэнне”,- адзначыў кс. Ламбардзі.

У інтэрв’ю нашаму радыё курыяльны епіскап Александрыйскага Патрыярхата Бутрас Фахім расказаў, што навіна аб смерці іерарха распаўсюдзілася вельмі хутка, бо егіпцяне, незалежна ад веравызнання, вельмі яго любілі. “Ён кіраваў Царквой на працягу вельмі доўгага часу – быў Патрыярхам амаль 40 гадоў. Шэнуда ІІІ пакінуў пасля сябе вельмі шмат. Калі ён ўзыйшоў на гэту пасаду, Царква была вельмі слабай, нашмат больш схаванай. Яна вельмі развілася пад яго кіраўніцтвам”, - расказаў епіскап Фахім.








All the contents on this site are copyrighted ©.