2012-03-18 16:08:10

"З сэрцам у кантакце". Літургічнае жыццё Усходніх Каталіцкіх Цэркваў візантыйскага абраду (II)


RealAudioMP3 Сёньня я працягваю распавядаць пра багаслужэньне Ўсходніх Каталіцкіх Цэркваў бізантыйскай традыцыі, да якой належыць таксама Беларуская Грэка-каталіцкая Царква. У падрыхтоўцы гэтай перадачы мне моцна памагла кніга протапразбітара а. Барыса Бабрынскага "Літургічнае жыцьцё". Сёньня, шаноўныя сябры, я больш падрабязна распавяду вам пра сутачнае кола.

Пачаткі літургічнага жыцьця

Хрысьціянскі звычай асьвячаць поры дня і начы малітвай мае свае карані ў габрэйскай традыцыі. Сьведчаньні гэтаму можам знайсьці ў Сьвятым Пісаньні. Ужо ў Старым Запавеце ўзгадваюцца асаблівыя моманты дня, якія прысьвечаны служэньню Богу: малітва вячэрняя і малітва ранішняя. Вядома таксама, што існавала малітва ў начы, якая была асаблівай рысай супольнасьці эсэяў. Гэта малітва ад першых стагодзьдзяў моцна распаўсюдзілася сярод хрысьціянаў.

Гэткім чынам першыя хрысьціяне маліліся вечарам, раніцай ды ў начы, прысьвячаючы час Богу. Вельмі хутка гэта малітва атрымала пэўную структуру, дзякуючы таму, што ў яе ўключалі часткі са Сьвятога Пісаньня: псалмы, біблійныя чытаньні. Акрамя гэтага дадаваліся заступніцкія малітвы ды розныя літургічныя сьпевы, якія прайшлі пэўны шлях разьвіцьця ды, якія мы называем сёньня хрысьціянскай гімнаграфіяй.

Багаслужбы Часаслова

З пункту гледжаньня багаслужэньня, літургічны дзень пачынаецца ўвечары. Мае гэта сваё абгрунтаваньне і ў Бібліі: "І мінуў вечар, і мінула раніца – дзень першы" (Род. 1:5). Яскравым прыкладам гэтага прынцыпу можа быць сьвяткаваньне Уваскрасеньня Госпада нашага Ісуса Хрыста, якое ў бізантыйскай традыцыі пачынаецца вячэрняй у суботу ў вечары.

Вячэрня распачынаецца, як гаворыць сама назва, у вечары, прыкладна ў той час, калі заходзіць сонца. Літургічныя тэксты супрацьпастаўляюць гэтаму сонцу, якое заходзіць, іншае Сонца, "сонца справядлівасьці", якое зьзяе незаходным сьвятлом – Хрыста.

Заход ды ўсход сонца сымбалізуюць сьмерць і ўваскрасеньне. Гэткім чынам галоўныя хрысьціянскія таямніцы Сьмерць і Уваскрасеньне Хрыста, нібы ўваходзяць у прыродныя законы і развіцьцё сусьвета.

Пасля вячэрні наступае час павячэр'я. Гэтае багаслужэньне мае манаскае паходжаньне. Пасля, звычайна а поўначы, ёсьць малітва ў начы – палуночніца, ды нарэшце раніцай - ютрань.

Ютрань складаецца з некалькіх частак: ночная частка, частка перад усходам сонца, дзенная частка. Пасля ютрані надыходзіць чарга кананічных гадзінаў: першая гадзіна (адпавядае 7 гадзінам нашага часу), трэцяя гадзіна (адпавядае нашай 9-й гадзіне), шостая гадзіна (адпавядае нашай 12-й гадзіне), дзевятая гадзіна (адпавядае нашай 15-й гадзіне).

Кожная кананічная гадзіна разважае, ці прысьвечана нейкай гісторыязбаўчай падзеі. Гэтак, першая гадзіна ўзгадвае прыйсьце Ісуса Хрыста, трэцяя – Пяцідзесятніцу, шостая – укрыжаваньне, дзевятая – сьмерць Ісуса на крыжы.

Нарэшце трэба ўзгадаць багаслужэньне, якое знаходзіцца перад вячэрняй – абедніцу (па-грэцку typika). Гэта старадаўняе багаслужэньне Царквы, якім карысталіся вернікі, калі не было магчымасьці ўдзельнічаць у Эўхарыстыі, або калі Эўхарыстычная Літургія не служылася, напрыклад, пад час Вялікага Посту. Гімны і малітвы абедніцы па свайму зьместу такія самыя, што і ў першай частцы Боскай Літургіі – літургіі слова або літургіі верных.

Падсумоўваючы можна сказаць, што зьмест багаслужэньняў сутачнага кола адпавядае розным гадзінам сутак ды прыгадвае нам падзеі з гісторыі збаўленьня. Такім чынам пра багаслужэньні сутачнага кола можна сказаць, што яны хрыстацэнтрычныя, а сам хрысьціянскі культ не зьяўляецца нечым фармальным, прыпадковым, але паходзіць з рэчаіснасьці нашай хрысьціянскай веры.

Сутачнае кола – пасхальная таямніца

Сутачнае кола па сутнасьці ёсьць перад усім асновай, рамай для багаслужбовай малітвы, яе сталымі часткамі. У залежнасьці ад дня тыдня, ці сьвята, ці ўспаміну сьвятога, ці ад літургічнага перыяду году, гэтыя тэксты дапаўняюцца адпаведнымі зьменнымі часткамі. Сталыя часткі, як гаворыць сама назва, застаюцца нязьменнымі і складаюцца перад усім з псальмаў і малітваў. Зьменныя ж часткі складаюцца звычайна з гімнаў тыднявага кола ды гадавога кола.

Галоўнай багаслоўскай весткай сутачнага кола зьўляецца, як ужо я зазначыў на пачатку перадачы, пасхальная таямніца. Гэтая таямніца перажываецца разам з пераменай вечара ў ноч, а ночы ў пачатак дня, як сьмерць і ўваскрасеньне Госпада нашага Ісуса Хрыста.

Надыход начной цемры з старадаўніх часоў асьвячаўся бласлаўленьнем новага "сьвятла лагоднага", якім ёсьць Ісус Хрыстос. У дамах запальваліся сьвечы ды семьі маліліся вячэрнімі малітвамі, а ў храме ў гэты час сьпявалі гімн:

Сьвятло лагоднае сьвятое славы несьмяротнага Айца нябеснага,
сьвятога, блаславёнага –
Ісусе Хрысьце!

Дайшоўшы да захаду сонца і ўбачыўшы вячэрняе сьвятло,
славім Айца, і Сына, і Сьвятога Духа – Бога.

Дастойна ёсьць на ўсялякі час чыстымі галасамі пяяць хвалу Тваю,
Сыне Божы, што даеш жыцьцё: дзеля гэтага сьвет славіць Цябе.







All the contents on this site are copyrighted ©.