2012-03-18 13:30:25

Бэнэдыкт XVI перад “Анёл Панскі”: рэгулярна прыступаць да сакрамэнту споведзі (поўны тэкст)


RealAudioMP3 Бэнэдыкт XVI заклікаў вернікаў рэгулярна прыступаць да сакрамэнту споведзі, каб атрымаць прабачэнне Пана і зрабіць шлях да навяртання больш інтэнсіўным. З такім заклікам Пантыфік звярнуўся да вернікаў сабраных на плошчы св. Пятра ў Рыме 18 сакавіка перад традыцыйнай нядзельнай малітвай “Анёл Панскі”. “Дарагія браты і сёстры, – сказаў Папа – На нашым шляху да Пасхі, мы дасягнулі чацьвертай нядзелі Вялікага посту. Ён з’яўляецца шляхам з Езусам праз “пустыню”, г.зн. часам на больш уважлівае слуханне голаса Бога і распазнання спакусаў, якія прамаўляюць унутры нас. На даляглядзе гэтай пустыні бачны крыж. Езус ведаў, што крыж з’ўляецца кульмінацыяй яго місіі: сапраўды, крыж Хрыста – гэта вяршыня любові, якая дае збаўленне. Аб гэтым кажа Ён сам у сённяшнім Евангеллі: “Як Майсей узняў змея ў пустыні, так павінен быць узняты Сын Чалавечы, каб кожны, хто верыць у Яго меў жыццё вечнае” (Ян 3,14-15). Тут ёсць спасылка на эпізод у якім, падчас выхаду з Егіпта, габрэі былі атакаваны атрутнымі змеямі і многія з іх памерлі; тады Бог загадаў Майсею зрабіць змея з медзі і павесіць яго на жэрдзі; калі ўкушаны глядзеў на яго – заставаўся жывы (пар. Ліч 21,4-9). Таксама Езус быў узвышаны на крыжы, каб кожны, хто станавіўся перад абліччам смерці з прычыны граху, мог звярнуцца да Яго, які памёр за нас, і быць збаўленым. Бо, як піша св. Ян “Не паслаў Бог Сына свайго ў свет, каб судзіць свет, але каб свет быў збаўлены праз Яго” (Ян 3, 17).

Св. Аўгустын так каментаваў гэты фрагмент: “Медык, згодна са сваімі абавязкамі, павінен лячыць хворых. Калі нехта не звяртаецца да медыка, то знішчае сябе сам. Збаўца прыйшоў у свет ... Калі ты не хочаш быць збаўленым Ім, то сам асуджаеш сябе” (Sul Vangelo di Giovanni, 12,12: PL 35, 1190). Такім чынам, калі бясконцай з’яўляецца міласэрнасць Бога, які даў свайго адзінага Сына дзеля адкуплення нашага жыцця, вялікай таксама з’яўляецца наша адказнасць: кожны, павінен прызнаць сябе хворым, каб аздаравіцца; кожны павінен паспавядацца з уласных грахоў, каб Божае прабачэнне, падараванае праз крыж, магло мець эфект у жыцці і сэрцы. Піша св. Аўгустын: “Бог асуджае твае грахі; і калі і ты іх асудзіш, то паяднаешся з Богам ... Калі табе стане непадабацца тое, што ты ўчыніў, тады пачнуцца твае добрыя ўчынкі, бо асуджаеш тое ліхое, што ўчыніў” (Там жа, 13: PL 35, 1191). Часам чалавек любіць цемру больш чым святло, бо яго атакуюць яго грахі. Але толькі праз адкрыццё на святло, і толькі праз шчырую споведзь у грахах перад Богам, можна знайсці сапраўды супакой і сапраўдную радасць. Важна рэгулярна прыступаць да сакрамэнту споведзі, асабліва падчас Вялікага Посту, каб атрымаць прабачэнне Пана і зрабіць наш шлях да навяртання больш інтэнсіўным.

Дарагія сябры, заўтра мы будзем святкаваць успамін св. Юзэфа. Ад усяго сэрца дзякую тым, хто ўзгадае аба мне ў малітве, у дзень майго апекуна. Асабліва, прашу маліцца ў інтэнцыі майго Апостальскага падарожжа ў Мексіку і на Кубу, якое пачнецца ў наступную пятніцу. Даверым яго заступніцтву Найсвяцейшай Панны Марыі, якую вельмі любяць і шануюць у гэтых двух краінах, якія я ўжо гатовы наведаць”.

Пасля малітвы “Анёл Панскі” Папа нагадаў, аб VI Сусветным водным форуме, які ўчора закончыўся ў французскім Марсэле і падкрэсліў, што ў наступны чацвер будзе адзначацца Сусветны дзень вады. “Жадаю, каб гэтыя ініцыятывы садзейнічалі гарантаванню для ўсіх свабоднага, надзейнага і адпаведнага доступа да вады, спрыяючы такім чынам праву кожнага чалавека на жыццё і харчаванне, а таксама адказнаму выкарыстанню зямных дабротаў, дзеля дабра цяперашніх і будучых пакаленняў”, - заклікаў Святы Айцец.









All the contents on this site are copyrighted ©.