2012-03-17 12:20:52

Нунцый у Мексіцы: народ сустрэне Папу, як таго, хто нясе надзею


RealAudioMP3 Мексіка з надзеяй чакае візіта Папы, адзначыў Апостальскі нунцый у гэтай краіне арцыбіскуп Хрыстоф Пьер. У інтэрв’ю нашаму радыё дыпламат адзначыў, што зараз мексіканскі народ перажывае вялікія цяжкасці, звязаныя з праблемай наркагандлю і войнаў паміж наркакартэлямі. “Гэта канешне ўплывае на настрой усяго народа”, - сказаў арцыбіскуп Пьер. Ён адзначыў, таксама што іншай складанай праблемай, якая турбуе Мексіку з’яўляецца эміграцыя. Многія мексіканцы жадаюць пераехаць у ЗША, каб палепшыць сваю эканамічную сітуацыю. “Прычына гэтага – беднасць. Многія мексіканцы адчуваюць патрэбу ў лепшым жыцці. Але гэта вельмі не проста, бо існуе шмат бар’ераў. Такім чынам з’яўляюцца нелегалы. Гэта праблема перамянілася ў сапраўдную нацыянальную драму, якую выкарыстоўвае ў сваіх інтэрэсах арганізаваная злачыннасць, якая зарабляе на праблеме беднасці і жаданні людзей эміграваць”, - расказаў арцыбіскуп Пьер.

Дыпламат адзначыў, што Касцёл шырока задзейнічаны ў дапамозе бедным і людзям, якія апынуліся ў складаных сітуацыях. Ён расказаў, што Касцёл мае спецыяльныя дамы на поўначы краіны, недалёка ад мяжы з ЗША, дзе могуць спыніцца тыя, хто мае намер пакінуць Мексіку.

“Нягледзячы на існуючыя цяжкасці і пакуты, мексіканскі народ захоўвае глыбокую веру і праяўляе яе праз сапраўдную і моцную рэлігійнасць, рэлігійнасць, якая дорыць вялікую надзею”, - сказаў арцыбіскуп Пьер. Ён дадаў, што народ адчувае сябе часткай Касцёла і канешне сустрэне Папу, як таго, хто дапамагае спадзявацца і глядзець у будучыню з аптымізмам.








All the contents on this site are copyrighted ©.