2012-03-16 12:14:53

Асабісты сакратар Папы аб сваіх абавязках і быце Святога Айца


RealAudioMP3 Другі асабісты сакратар Бэнэдыкта XVI кс. Альфрэд Куэрэба расказаў аб сваёй працы побач са Святым Айцом. У інтэрв’ю інтэрнэт газезе “Nichelino on-line” 53-гадовы святар з Мальты, расказаў, што ён разам з кс.-прэлатам Георгам Генсвайнам, першым сакратаром Пантыфіка, рыхтуе дакументы для папскіх аўдыенцый, сартыруе карэспандэнцыю, якая штодзённа прыбывае з Дзяржсакратарыята. “Адным з маіх абавязкаў з’яўляецца збор лістоў з просьбамі аб малітве, якія прыходзяць да Святога Айца. Аб гэтым просяць хворыя ці людзі, якія перажываюць пакуты і цяжкасці. Я пакідаю гэтыя лісты на кленчніку ў капліцы, дзе моліцца Папа”, - расказаў святар. Ён падкрэсліў, што Святы Айцец паміж шматлікімі справамі памятае аб людзях. “Кожны дзень ён пытаецца аб розных сітуацыях”, - расказаў кс. Куэрэба.

Папскі сакратар прывёў адзін прыклад таго, як Папа адносіцца да сваіх блізкіх. “Некалькі дзён таму мы выходзілі на прагулку ў сады, каб памаліцца на ружанцы. Было даволі холадна і я дапамог Святому Айцу апрануць ветроўку. Калі мы выходзілі абедзьве мае рукі былі заняты, але Папа павярнуўся і дапамог мне апрануць паліто. Ён сказаў: “Мы павінны дапамагаць адзін аднаму”, - прыгадаў кс. Куэрэба.

Ён таксама расказаў, што кожную раніцу слухае навіны па радыё, а потым расказвае Папе аб самых важных падзеях. “Пасля вячэры мы праглядаем разам навіны па тэлебачанні – нямецкім ці італьянскім”, - сказаў святар. Ён падцвердзіў таксама, што Пантыфік часам грае на фартэпіяна, а ў сваім кабінеце мае тыя самыя рэчы, якімі карыстаўся яшчэ будучы ўніверсітэцкім прафесарам.








All the contents on this site are copyrighted ©.