2012-03-15 15:54:24

Кардынал Таран у эфіры канала “Аль Джазіра”


RealAudioMP3 Кардынал Таран, 68-гадовы старшыня Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу, даў вялікае інтэрв’ю самаму папулярнаму арабскаму тэлевізійнаму каналу “Аль Джазіра”. Трансляцыя інтэрв’ю адбывалася на працягу трох дзён па чатыры разы ў суткі, у рамках праграмы “Talk to Al Jazeera”. Гэта падзея з’яўляецца першым у гісторыі выпадкам, калі член Рымскай курыі звяртаецца да мусульманскага свету з дапамогай тэлебачання. Іерарх закрануў шматлікія актуальныя пытанні, сярод якіх праблема культавых будынкаў у Святой Зямлі, пераслед хрысціян, “арабская вясна” і рэлігійны фундаменталізм. На думку кардынала Тарана, Касцёл лічыць, што пакуль пытанне са святымі месцамі не будзе вырашана, не будзе міра на Блізкім Усходзе. “Апостальская Сталіца выступае за міжнародныя гарантыі для сацыяльнага статуса Іерусаліма, святыя месцы якога павінны быць адкрытымі для ўсіх вернікаў”, - сказаў іерарх.

Гаворачы, аб пераследзе хрысціян у мусульманскіх краінах, кардынал адзначыў, што яны падзяляюць лёс краін, у якіх няма міра і людзі пакутуюць. “Калі хрысціяне пакінуць Блізкі Усход, калі святыя месцы стануць музеямі – гэта будзе катастрофа”, - сказаў іерарх. Ён падкрэсліў, што часта вызнаўцы Хрыста лічацца людзьмі другога гатунку ў краінах з мусульманскай большасцю. Іерарх адзначыў, што пры дыктатурах, яны былі больш абароненымі чым зараз.

Разважаючы аб перспектывах “арабскай вясны” кардынал Таран, выказаў занепакоенасць, каб яна не пераўтварылася ў сапраўдную “зіму”. Таксама іерарх закрануў тэму неталерантнасці ў адносінах да мусульман у Еўропе. Ён адзначыў, што многія прадстаўнікі ўльтра-правых рухаў ніколі не чыталі Каран і не сустракаліся з мусульманамі, а праблемы з’яўляюцца ў выніку неадукаванасці. “Мы здолелі не дапусціць сутыкнення цывілізацый, але зараз спрабуем прадухіліць сутыкненне неадукаванасцяў”, - сказаў кардынал.








All the contents on this site are copyrighted ©.