2012-03-14 12:52:51

Бэнэдыкт XVI падчас агульнай аўдыенцыі: навучыцца малітоўнай засяроджанасці Марыі


RealAudioMP3 Падчас сённяшняй агульнай аўдыенцыі Бэнэдыкт XVI пачаў новую серую катэхезаў прысвечаных Дзеям Апосталаў і Пасланням св. Паўла. Гаворачы аб кнізе Дзеяў Апосталаў, Папа адзначыў, што яна была акрэслена, як першая кніга аб гісторыі Касцёла. Святы Айцец звярнуў увагу на малітву ў жыцці Езуса, Марыі, вучняў, жанчын і хрысціянскай супольнасці, якая прадстаўлена ў кнізе. “Першыя крокі Касцёла звязаны з дзейнасцю Святога Духа, які перамяніў апосталаў у сведкаў Уваскрослага аж да праліцця крыві, і спрыяў быстраму распаўсюджванню Божага Слова на Усходзе і Захадзе”, - адзначыў Папа. Ён падкрэсліў, што ў перыяд паміж Унебаўшэсцем і Спасланнем Святога Духа, св. Лука, аўтар “Дзеяў Апосталаў” звяртае ўвагу на Марыю, Маці Езуса. Бэнэдыкт XVI адзначыў, што Марыі ён прысвяціў пачатак свайго Евангелля, апісваючы абвяшчэнне анёла аб нараджэнні Божага Сына. “Разам з Марыяй пачынаецца зямное жыццё Езуса і з Марыяй пачынаюцца першыя крокі Касцёла. У абодвух момантах была атмасфера слухання Бога”, - адзначыў Папа.

Пантыфік звярнуў увагу на тое, што атмасфера ўнутранай засяроджанасці на слуханні Божага Слова, якую мела Марыя у момант сустрэчы з арханёлам, дала ёй магчымасць бачыць дзейнасць Бога ў гісторыі. “Радасць, падзяка, праслаўленне, у спеве Магніфікат. Марыя не глядзела толькі на тое, што Бог учыніў у ёй, але на тое, што Ён учыніў і працягвае чыніць у гісторыі. Св. Амброзій, у адным з каментарыяў да Магніфіката, заклікае мець такі самы малітоўны дух і піша: “Няхай будзе ў кожным душа Марыі, каб узвялічваць Пана; няхай у кожным будзе дух Марыі каб праслаўляць Бога”, - сказаў Папа.

Гаворачы аб прысутнасці Марыі ў вячэрніку разам з іншымі вучнямі, Святы Айцец таксама звярнуў увагу на малітоўную атмасферу. “Этапы жыцця Марыі адзначаны здольнасцю трываць у засяроджанасці, каб разважаць у цішыні сэрца, перад Богам і ў гэтым разважанні зразумець Божую волю і быць здольным прыняць яе ўнутрана”, - сказаў Святы Айцец.

Апошні раз, калі св. Лука ўзгадваў аб Марыі, быў момант спаслання Святога Духа, “без якога вучні не маглі стаць Божымі сведкамі”. “Яна, якая ўжо атрымала дар нараджэння ўцелаўлёнага Слова раздзяліла з усім Касцёлам чаканне гэтага дара”, - падкрэсліў Папа.

“Шанаваць Маці Езуса ў Касцёле азначае навучыцца ад Яе быццю супольнасцю, якая моліцца: і гэта ноч, была першым апісаннем хрысціянскай супольнасці прадстаўленым у Дзеях Апосталаў. Часта, малітва прадыктавана цяжкай сітуацыяй, асабістымі праблемамі якія спрыяюць нашаму звароту да Пана, каб атрымаць святло, суцяшэнне і дапамогу. Марыя заклікае адкрыць вымярэнне малітвы, звяртацца да Бога не толькі ў патрэбе і не толькі для сябе, але аднадушна, пастаянна, верна, з “адным сэрцам і адной душой”, - сказаў Бэнэдыкт XVI.

Пантыфік нагадаў, што Марыя была паслана Богам у важны момант гісторыі збаўлення, бо яна была гатовай адказаць на яго заклік, а гэта было плёнам глыбокай сувязі з Богам, якая сталела праз пастаянную і інтэнсіўную малітву.

Пасля заканчэння аўдыенцыі Папа прыняў дэлегацыю з Ірландыі, якая прыбыла ў Рым пад кіраўніцтвам арцыбіскуп Дубліна Дзіармуіда Марціна, старшыні Міжнароднага Эўхарыстычнага Кангрэса. Папа благаславіў “Звон кангрэса”, які будзе пілігрымаваць па краіне і нагадваць аб важнасці падзеі, якая чакае Ірландыю.








All the contents on this site are copyrighted ©.