2012-03-13 10:19:18

“100 пытанняў – 100 адказаў”. Цень інквізіцыі


RealAudioMP3 Напэўна кожны з нас нераз чуў такія словы: “Касцёл, з дапамогай інквізіцыі, закатаваў да смерці тысячы нявінных людзей”. І часта мы не ведаем, што і адказаць на гэта. Сапраўды, інквізіцыя з’ўяляецца такім аргументам, які найбольш выкарыстоўваецца, каб ачарніць гісторыю Касцёла, сам Касцёл і веру, якую ён распаўсюджвае. Але пачнем па-парадку. Ці сапраўды інквізіцыя была тым, што аб ёй думае большасць нашых сучаснікаў? Некаторыя аспекты з ёй звязаныя мы паспрабуем высвятліць у нашай сённяшняй праграме.

Касцёр

Што першае прыходзіць нам на розум калі мы прамаўляем слова “інквізіцыя”? Канешне касцёр – смерць на кастры. Напэўна многія так і думаюць, што амаль кожны, хто патрапіў у рукі інквізіцыі канчаў сваё жыццё ў полыме на адной з гарадскіх сярэдневечных плошчаў. Такое меркаванне з’яўляецца распаўсюджаным, бо яму нас навучаюць у школе, папулярызуюць праз кіно ці іншыя віды мастацтва. Але паглядзім, што на гэты конт кажуць дакументы.

Перш за ўсё варта ўдакладніць, што смерць для ератыкоў праз спальванне на кастры, была ўстаноўлена свецкім правам, а не кананічным. У кананічным праве няма і ніколі не было пакарання праз спальванне. Пакаранні, якія былі прадугледжаны касцёльным правам – гэта малітвы, пост, пілігрымкі ці адлучэнне ад Касцёла.

Цікава адзначыць, што пакаранне смерцю за ерась было ўведзена ў ХІІІ ст. імператарам Фрыдрыхам ІІ Швабскім, бацькам знакамітага Фрыдрыха Барбаросы. Ератыкі ім былі аб’яўлены ворагамі Свяшчэннай Рымскай імперыі, бо пагражалі яе адзінству і маналітнасці. Такім чынам, калі касцёльны трыбунал, ці інквізіцыя прызнавала, што той ці іншы чалавек з’яўляўся ератыком, яго караў смерцю свецкі суд, але не касцёльны. Касцёльны суд прызначаў ератыку толькі пакуту: напрыклад пэўныя малітвы, пост ці, напрыклад, абавязваў здзейсніць пілігрымку ў Святую Зямлю. Ітак, функцыя касцёльнага суда заключалася ў тым, каб выясніць ці з’яўляецца чалавек ератыком і, калі так, прызначыць яму за гэта пакуту. Далей, на гэтай падставе судзіць пачынаў суд свецкі.

Дакументы, які дайшлі да нашага часу сведчаць, што касцёльныя суды, былі даволі лаяльнымі і часта не жадалі аддаваць чалавека, які прызнаваўся ў ерасі свецкім уладам. Напрыклад дацкі гісторык Густаў Хэнінгсэн прааналізаваў дзейнасць іспанскай інквізіцыі за тры стагоддзі з XVI па XVIII. Адзначу, што іспанская інквізіцыя найбольш вядома сваёй жорсткасцю. Ітак, прааналізаваўшы каля 44 тыс. выпадкаў ён высвятліў, што толькі каля 1% ератыкоў былі асуджаны. Гэтыя дадзеныя падцвердзіў іншы вядомы амерыканскі гісторык Эдвард Петэрс. Такім чынам мы бачым, што гісторыкамі была створана легенда аб тым, што амаль кожны ератык канчаў жыццё на кастры.

Катаванні

Другі аргумент, які часта ўзгадваецца калі размова ідзе аб інквізіцыі – гэта катаванні. Дакументы кажуць, што нажаль сапраўды, катаванні выкарыстоўваліся інквізітарамі для таго, каб прымусіць ератыкоў прызнацца ў ерасі. 15 мая 1252 г. папа Інакенці IV выдаў булу пад назвай “Ad extirpanda” у якой ёсць такія словы “Граданачальнік абавязаны праз катаванні прымусіць ератыка паспавядацца і прызнаць сваю віну”. Але гэта не ўсё. Далей напісана, што “катаванні не павінны прывесці да згубы якога-небудзь з членаў ці паставіць жыццё чалавека пад пагрозу”. Акрамя таго, прадугледжавалася, што катаванне не магло працягвацца больш за 15 хвілін і магло ўжывацца толькі адзін раз. Агаворвалася, што споведзь у ерасі вінаваты павінен быў паўтарыць праз два дні пасля свайго першага прызнання дасягнутага з дапамогай катаванняў.
Варта дадаць, што катаванні разглядаліся як выключная мера, ужыванне якой дапускалася калі іншыя сродкі не дзейнічалі. Акрамя таго, ініцыятыва распачацця катаванняў не магла паходзіць толькі ад інквізітара – была неабходна згода біскупа. Часта здаралася так, што паміж інквізітарам і біскупам не было згоды на гэты конт.

Нам вядомы некаторыя статыстычныя дадзеныя наконт ужывання катаванняў. Напрыклад на працягу 1309-1323 г. у Тулузе разглядалася 636 судовых спраў і катаванні выкарыстоўваліся толькі аднойчы. У Валертэле у перыяд з 1478 па 1530 г. адбылося 2345 працэсаў і катаванні ўжываліся 12 разоў. Аб метадах катаванняў таксама былі складзены шматлікія легенды. Многім нацыскім ці нквдэшным “спецыялістам” інквізітары маглі паказацца проста дылетантамі.

Законныя гарантыі

Нарэшце звернемся да яшчэ аднаго аргумента. Многім можа падавацца, што інквізітары былі ўсемагутнымі суддзямі, для якіх не існавала ніякіх перашкод і кантроля. Гэта не так. Папа Інакенці IV і Аляксандр IV загадалі правінцыялам і генералам дамініканскага і францысканскага ордэнаў кантраляваць і наказваць тых інквізітараў, жорсткасць якіх выклікала народныя пратэсты. Папа Клемент V на Венскім Саборы 1311 г. адлучыў ад Касцёла інквізітара за злоўжыванні. Біскупы і ўсе хто дапамагаў яму мелі абавязак інфармаваць аб злоўжываннях інквізітараў. Вядомы выпадкі, калі інквізітары самі траплялі за краты за сваю жорсткасць.

Таксама варта сказаць, што той, хто абвінавачваўся меў пэўныя гарантыі, які былі прадугледжаны законам: супраць яго не мог сведчыць яго вораг, за працэсам сачылі свецкія адвакаты і інш. Акрамя таго, існавалі многія “змягчальныя” абставіны для асуджаных: яны маглі быць вызвалены, каб клапаціцца аб хворых бацьках ці проста з прычыны моцнай веры сваіх блізкіх. Самым вялікім турэмным срокам, на які мог быць асуджаны ератык быў 8-гадовы. Напрыклад, пажыццёвае зняволенне прыдумалі ў часы Французскай рэвалюцыі – антыхрысціянскай і антыкаталіцкай.

Ну і напрыканцы трэба сказаць аб яшчэ адной легендзе: аб тым, што ўсе ератыкі былі міралюбівымі вольнадумцамі. Гэта не так. Часта яны проста з’яўляліся сапраўднай пагрозай для жыццёвага ўкладу і сацыяльнага парадку грамадства. Сярэдневечны чалавек, які вельмі клапаціўся аб вечным збаўленні, бачыў у ератыку пагрозу, ад якой трэба было абараняцца з дапамогай інквізіцыі. Акрамя таго, часта ератыкі прымалі ўдзел у адкрытых антырэлігійных войнах і паўстаннях: узгадайце напрыклад аб паўстанні катараў на поўдні Францыі.

Гэта толькі некаторыя аспекты звязаныя з інквізіцыяй, якія мы паспелі закрануць, але думаю іх дастаткова, каб больш ясна ўбачыць, чым была інквізіцыя на самой справе і якой яе прадстаўляе антыхрысціянская міфалогія.

Падрыхтаваў Аляксандр Панчанка








All the contents on this site are copyrighted ©.