2012-03-09 10:56:39

Святы Айцец праслухаў першае велікапостнае казанне айца Канталамесы


RealAudioMP3 9 сакавіка Бэнэдыкт XVI з супрацоўнікамі Рымскай курыі праслухаў першае з чатырох велікапостных казанняў прапаведніка Папскага дома, італьянскага капуцына айца Раньера Канталамесы. Тэмай сёлетніх разважанняў з’яўляецца духоўная спадчына чатырох Айцоў Касцёла: св. Атаназія, св. Базыля Вялікага, св. Грыгорыя Назіянскага і св. Грыгорыя Ніскага. “Звернемся да навучання гэтых вялікіх Доктараў Касцёла, каб убачыць, што кожны з іх кажа нам сёння”, - сказаў айцец Канталамеса. Ён падкрэсліў, што мэтай яго казанняў будзе не навучанне эфектыўным спосабам евангелізацыі, а перш за ўсё ўмацаванне ўласнай веры, адкрыццё яе багацця і прыгажосці.Сёння прапаведнік расказаў аб Біскупе Аляксандрыйскім св. Атаназіі і яго ўлюбёнай тэме: Боскасці Хрыста. Айцец Канталамеса адзначыў, што ў ІІІ ст. св. Атаназій аддана абараняў прынцып Боскасці Хрыста ад спробаў лічыць Езуса толькі “адным з многіх іншых стварэнняў” ці проста ідэяй. Такая пазіцыя была ўласціва для тагачаснай эліністычнай філасофіі. На думку прапаведніка упэўненасць св. Атаназія ў Боскасці Пана паходзіла ад яго ўласнага рэлігійнага вопыту і разважанняў аб збаўленні чалавека. “Збаўленне не можа паходзіць не ад якога іншага пасярэдніка, як толькі ад Бога”, - акрэсліў пазіцыю св. Атаназія капуцын.

Прапаведнік адзначыў, што заслуга св. Атаназія палягае ў тым, што ён не дапусціў абмежавання тэалогіі, толькі філасофскімі разважаннямі. Ён адзначыў, што пытанне аб Боскасці Хрыста, разам з двума іншымі хрысціянскімі таямніцамі: Святой Тройцай і Уцелаўленнем, з’яўляюцца вуглавымі камянямі ў дыялогу з сучаснай культурай, якая прымае Бога толькі як ідэю. Перад абліччам гэтай культуры, на думку айца Канталамесы, неабходна памятаць аб умацаванні ўласнай веры ў Бога, праз якога прыходзіць збаўленне і не абмяжоўваць веру рознымі іншымі формамі уяўлення аб Ім: язычніцкай, філасофскай ці ідэалістычнай.








All the contents on this site are copyrighted ©.