2012-03-09 12:53:56

Бэнэдыкт XVI да маладых спаведнікоў: Новая евангелізацыя пачнецца з канфесіяналаў!


RealAudioMP3 9 сакавіка Бэнэдыкт XVI сустрэўся з удзельнікамі семінара для маладых спаведнікоў, які праходзіць у Рыме па ініцыятве Апостальскай Пенітэнцыярыі. Папа звярнуў увагу на тое, што місія святара заключаецца ў тым, каб па прыкладу Хрыста сумяшчаць абвяшчэнне і дзейнасць, “слова” і “сакрамэнты”. Пантыфік адзначыў, што споведзь з’яўляецца таксама шляхам для новай евангелізацыі, поспех якой залежыць ад святасці вызнаўцаў Хрыста. “Тое, што паміж сакрамэнтам споведзі і святасцю існуе блізкая сувязь сведчаць усе святыя ў гісторыі”, - сказаў Папа. Гаворачы аб важнасці споведзі для сведчання веры, Бэнэдыкт XVI падкрэсліў, што “толькі той, хто дазволіў сябе глыбока перамяніць з дапамогай Божай ласкі, можа несці ў сабе, і такім чынам абвяшчаць, навіну Евангелля”. “Новая евангелізацыя павінна пазнаёміць чалавека з сапраўдным абліччам Хрыста”, - сказаў Папа.

Акрамя таго, Святы Айцец адзначыў, што сакрамэнт споведзі спрыяе “адкрыццю сэрцаў”, што дазваляе Богу ўвасці ва ўнутраны свет чалавека. “Упэўненасць у тым, што Ён блізка і ў сваёй міласэрнасці чакае людзей, нават грэшнікаў, каб залячыць іх раны дзякуючы споведзі, з’яўляецца надзеяй для свету”, - сказаў Бэнэдыкт XVI.

Звяртаючыся да святароў Пантыфік нагадаў, што ім дадзена магчымасць быць прыладамі сустрэчы чалавека з Богам і многія будуць звяртацца да іх з глыбокім жаданнем перамены, міласэрнасці і аддання ў рукі Хрыста. Ён заклікаў спаведнікоў дапамагчы людзям прыняць Езуса і адкрыцца на яго прысутнасць, “здольную перамяняць, асвятляць кожную цемру і адкрываць заўсёды новыя далягляды”. “Новая евангелізацыя пачнецца з канфесіяналаў!”, - сказаў Папа.








All the contents on this site are copyrighted ©.