2012-03-08 15:10:23

Японія: месца мучаніцкай смерці св. Паўла Мікі стане санктуарыем


RealAudioMP3 8 сакавіка Біскупская Канферэнцыя Японіі прыняла рашэнне надаць месцу гібелі св. Паўла Мікі і яго паплечнікаў, статус нацыянальнага санктуарыя. Зараз на гэтым месцы, у ваколіцах Нагасакі, знаходзіцца мемарыял Нішызака. Іезуіт Павел Мікі і 25 яго памочнікаў былі ўкрыжаваны на гэтым месцы ў 1597 г. па загадзе Таётомі Хідэёсі, японскага ваеннага і палітычнага дзеяча, будучага аб’яднальніка Японіі. Перад смерцю 26 мучанікаў былі прымушаны прайсці пешшу доўгі шлях з Кіота ў Нагасакі. 6 з іх было францішканамі, тры належалі да іезуіцкага ордэна, а астатнія былі свецкімі асобамі. Стварэнне нацыянальнага санктуарыя супадае са 150-годдзем кананізацыі гэтых мучанікаў, якая адбылася ў 1862 г.

Японскія біскупы вырашылі таксама стварыць пілігрымковы маршрут, які спалучыць Кіота, Осаку, Хірасіму, Фукуоку і Нагасакі. Менавіта гэтым шляхам прайшлі перад смерцю св. Павел Мікі і паплечнікі.








All the contents on this site are copyrighted ©.