2012-03-07 13:04:13

Бэнэдыкт XVI падчас агульнай аўдыенцыі: навучаць каштоўнасці маўчання


RealAudioMP3 7 сакавіка Бэнэдыкт XVI сустрэўся з вернікамі падчас агульнай аўдыенцыі, якая адбылася на плошчы св. Пятра у Рыме. Папа адзначыў, што ў сваіх папярэдніх катэхезах, ён расказаў аб малітве Хрыста, аднак сваё сённяшняе разважанне хоча прысвяціць тэме маўчання Езуса, якое з’яўляецца “важным у адносінах з Богам”. Папа нагадаў, што у сваёй постсінадальнай Апостальскай адгартацыі “Verbum Domini” (“Слова Божае”) ён звяртаў асаблівую ўвагу на ролю маўчання ў жыцці Пана, асабліва падчас укрыжавання на Галгоце. Пантыфік адзначыў, што на крыжы Бог прамаўляе да людзей не толькі праз словы, але таксама праз сваё маўчанне. “Прабыванне Хрыста на крыжы глыбока адкрывае нам стан чалавека, які моліцца, а таксама момант пасля малітвы: пасля таго, як мы выслухалі і распазналі Слова Божае, павінны параўнацца таксама з маўчаннем Пана – важным вымярэннем самаго Божага Слова. Дынаміка слова і маўчання, якая характарызуе малітву Езуса на працягу ўсяго яго зямнога існавання, асабліва на крыжы, тычыцца таксама нашага малітоўнага жыцця ў двух накірунках”, - сказаў Папа.

Першым накірункам Святы Айцец назваў прыняцце Божага Слова. “Неабходна ўнутранае і знешняе маўчанне, каб слова было пачута. І гэта вельмі складана асабліва ў наш час”, - сказаў Папа і нагадаў, што ў мінулым ён ужо заклікаў да неабходнасці навучаць каштоўнасці маўчання. Ён падкрэсліў, што маўчанне неабходнае для прыняцця Божага Слова патрэбна не толькі для асабістай малітвы, але таксама і падчас літургіі: “каб зрабіць больш даступным сапраўднае слуханне, яна павінна быць багатай момантамі маўчання і невербальнага прыняцця”.

Бэнэдыкт XVI нагадаў, што ў Евангеллях заўсёды падкрэсліваецца, што Езус, асабліва перад найбольш важнымі падзеямі, пакідаў вучняў, каб маліцца ў цішыні. Так, на думку Святога Айца, “Слова Божае зможа пясяліцца ў нас, а любоў укараніцца ў нашым розуме і сэрцы”.

Другім накірункам малітвы ў маўчанні, Папа назваў неабходнасць маліцца нават тады, калі здаецца што Бог нас не чуе. “Уважлівае, маўклівае і адкрытае сэрца, важней за многія словы”, - сказаў Святы Айцец. “Бог ведае аб тым, што ў нас унутры, лепшы чым мы самі і любіць нас: дастаткова толькі ведаць аб гэтым”, - адзначыў Пантыфік і нагадаў аб біблійным прыкладзе Ёва, які згубіў усё, аднак працягваў маліцца да Пана.

“Мы амаль усе ведаем аб Богу, дзякуючы таму, што чулі аб Ім. Але чым больш мы становімся адкрытымі на Яго і на наша маўчанне, тым больш пачынаем па-сапраўднаму пазнаваць Яго. Гэты радыкальны давер, які адкрывае нас на глыбокую сустрэчу з Богам, сталее праз маўчанне”, - сказаў Папа.

Святы Айцец нагадаў, што са старонак Бібліі Езус вучыць нас не толькі малітве “Ойча наш”, якая аднак з’яўляецца адным з цэнтральных актаў у навучанні малітве, але таксама і таму, што неабходна для сапраўднай малітвы: чысціні сэрца, пошуку Божага Валадарства і прабачэнню ворагаў; глыбокаму сыноўскаму даверу, які пераўзыходзіць тое, што мы адчуваем і разуеем; чуванню, якое захоўвае вучня ад спакусаў”.

Пасля заканчэння катэхезы Бэнэдыкт XVI прывітаў удзельнікаў Армянскага Сінода, які праходзіць у Рыме. Звяртаючыся да прысутных на аўдыенцыі іерархаў Папа падзякаваў, за тое, што нягледзячы на выпрабаванні, якія былі на працягу гісторыі армянская каталіцкая супольнасць захавала вернаць хрысціянскай традыцыі і Намесніку св. Пятра і запэўніў іх у сваё малітве.








All the contents on this site are copyrighted ©.