2012-03-03 14:42:43

Пакістан: вернікі адзначылі гадавіну смерці Шахбаза Бгацці


RealAudioMP3 “Хрысціяне Пакістана скіравалі да Бэнэдыкта ХVI ліст з просьбай, каб Пантыфік даў згоду для пачатку беатыфікацыйнага працэсу адносна былога міністра па справах меншасцяў Шахбаза Бгацці, які загінуў у 2011 г.”, - паведамляе інфармацыйнае агенцтва “AsiaNews”. Петыцыю падпісалі таксама некаторыя прадстаўнікі мусульманскай і індуіскай супольнасцяў, а таксама іншых веравызнанняў. Яны ўпэўнены ў тым, што забіты палітык каталіцкага веравызання быў “мучанікам за веру”.

2 сакавіка, у гадавіну смерці Бгацці ў многіх гарадах Пакістана прайшлі малітоўныя сустрэчы у памяць аб загінуўшым. Старшыня біскупскай канферэнцыі Пакістана арцыбіскуп Джозэф Кутц узначаліў св. Імшу ў Фэйсалабадзе. У гаміліі іерарх падкрэсліў, што Шахбаз Бгацці быў паслом супакою, любові, роўнасці і братэрства. “Мы будзем працягваць нашы змаганні, ідучы яго шляхам”, - сказаў арцыбіскуп Кутс.

Шахбаза Бхацці быў рашучым праціўнікам прынятага ў Пакістане закону аб блюзнерстве, які прадугледжвае жорсткае пакаранне за абразу пачуццяў мусульманскай большасці. Закон выкарыстоўваўся для ўціску рэлігійных меншасцяў у краіне.

Замах на міністра адбыўся ў цэнтры Ісламабада, калі палітык накіроўваўся на працу. Нягледзячы на пагрозы, якія ён атрымліваў ад талібаў, улады не забяспечылі яму належнай аховы. Да аўтамабіля міністра пад’ехалі на матацыклах трое ўзброеных людзей і застрэлілі яго.


Шахбаз Бхацці быў першым у гісторыі Пакістана хрысціянінам на пасадзе міністра. У сваёй працы ён актыўна абараняў правы немусульманскага насельніцтва, у тым ліку хрысціян.








All the contents on this site are copyrighted ©.