2012-03-03 14:32:20

Кс. Ламбардзі: чым больш словаў, тым больш павінна быць маўчання


RealAudioMP3 Кіраўнік Залі Друку Апостальскай Сталіцы і Дырэктар Ватыканскага радыё кс. Фэдэрыко Ламбардзі адзначыў, што папа Бэнэдыкт ХVI першы тыдзень Вялікага посту традыцыйна прысвяціў, духоўным практыкаванням, у якіх прынялі ўдзел шматлікія супрацоўнікі Рымскай Курыі. Кс. Ламбардзі звярнуў увагу на тое, што падчас гэтага тыдня Святы Айцец не меў ніякіх сустрэч з вернікамі і не прамаўляў да іх, а толькі засяродзіўся на маўчанні і на малітве. “Веруючы чалавек імкнецца кожны дзень прысвячаць час на маўчанне і малітву, але велікапостная паўза ставіць перад намі большыя патрабаванні і становіцца больш яскравым знакам і заклікам”, - адзначыў святар.

“У пасланні на Сусветны дзень сацыяльнай камунікацыі на тэму “Маўчанне і Слова”, Святы Айцец падкрэсліў, што маўчанне дае больш магчымасцяў для слухання іншых і асабліва Бога. Калі мы маем доступ да змястоўных паведамленняў і інфармацый, тады маўчанне становіцца неабходным для таго, каб адрозніць тое, што важнае, ад таго, што бескарыснае ці павярхоўнае”, - нагадаў словы Папы кс. Ламбардзі.

Святар перасцярог перад рызыкай таго, што шмат інфармацыі, да якой мы маем доступ і якой усё больш з’яўляецца на рынку, можа стаць небяспечнай і перад чалавекам узнікае пагроза быць яе нявольнікам. Дырэктар Ватыканскага радыё адзначыў, што сёння людзі амаль не правяраюць інфармацыю і прымаюць як апантаныя яе неабмежаваную колькасць. “Больш карыснымі з’яўляюцца хвіліны сапраўднага маўчання, падчас якіх мы можам пачуць больш глыбокія пасланні, ідэнтыфікаваць іх сярод іншых і пачаць “наводзіць парадак у сваім жыцці” застаючыся сярод патоку слоў, якія сёння маюць прыцягальнае і драматычнае вымярэнне”, - падкрэсліў кс. Ламбардзі. “Як у такіх умовах можна памятаць, напрыклад, што Езус памёр і ўваскрос дзеля нас, стаўшы святлом на нашым шляху?”, - запытаўся кс. Ламбардзі.








All the contents on this site are copyrighted ©.