2012-03-01 11:57:39

Ватыканскія сакрэтныя архівы адзначаюць 400-годдзе ўнікальнай выставай


RealAudioMP3 Дакументы з судовага працэса над Галілео Галілеем і Джардано Бруно, прывілей імператара Атона аб заснаванні Папскай дзяржавы, ліст папы Клемента VII з нагоды шлюба англійскага караля Генрыха VII і каля 100 іншых унікальных дакументаў з Ватыканскага сакрэтнага архіва прадстаўлены на выставе, якая адкрылася ў будынку Капіталійскіх музеяў у Рыме. Выстава пад назвай “Святло ў таямніцы: адкрыццё Ватыканскага сакрэтнага архіва” прымеркавана да 400-годдзя заснавання гэтай установы. Яе мэтай з’яўляецца пазнаёміць наведвальнікаў з найбольш цікавымі і каштоўнымі дакументамі, якія ў ёй захоўваюцца. Для гэтага арганізатары падзеі падрыхтавалі каля 1000 м музейных плошчаў, 170 праектараў і экранаў і 1200 інфармацыйных стэндаў. У інтэрв’ю нашаму радыё, дырэктар Ватыканскага сакрэтнага архіва біскуп Сэрджыо Пагано расказаў, што экспанаты былі выбраны з улікам іх каштоўнасці. “Тут прадстаўлены кавалкі берасты, на якой пісалі індзейцы папе, старжытныя пергаменты, залатыя пячаткі, канкардаты, шкатулкі”, - расказаў іерарх.

“Не з’яўляецца выключэннем тэма ІІ Сусветнай вайны, для асвятлення якой Дзяржсакратарыят даў дазвол на выкарыстанне некаторых дакументаў, якія з’яўляюцца даволі аўтаномнымі ў гэтым кантэксце. Гэта важныя дакументы аб бамбардаванні базылікі св. Лаўрэнція ў Рыме і горада-дзяржавы Ватыкан у 1943 г. Мы прадставілі некаторыя асколкі бомбаў, якія падалі на базыліку св. Пятра і былі сабрыныя адным з членаў Папскай жандармерыі ў тую ноч”, - расказаў іерарх.

Ватыканскія сакрэтныя архівы з’яўляюцца галоўным архівам Апостальскай Сталіцы. Яны былі заснаваны ў 1612 г. папай Паўлам V і захоўваюць дакументы, якія тычацца гісторыі і кіравання Паўсюдным Касцёлам. Тэрмін “сакрэтныя” азначае “прыватныя”, г.зн. што яны з’яўляюцца ўласнасцю Рымскага Пантыфіка. Папа звычайна сам прызначае адказнага за захаванне архіва і караванне ім. Дакументы, якія ў ім захоўваюцца ахопліваюць каля дванаццаці стагоддзяў гісторыі, з VIII па ХХ ст. і падзелены на 600 архіўных фондаў. У 1881 г. папа Леў XIII даў магчымасць карыстацца гэтымі архівамі навукоўцам усіх нацыянальнасцяў і веравызнанняў.








All the contents on this site are copyrighted ©.