2012-02-27 16:02:45

“Уставай на лыжы”: сумесная акцыя Каталіцкага Касцёла ў Беларусі і міліцыі


RealAudioMP3 Уставай на лыжы – кінулі кліч беларуская Каталіцкая моладзевая місія “Чыстае сэрца” і Першамайскае ўпраўленне ўнутраных спраў Мінска напрыканцы зімы. І на лыжы ўсталі – каля 50 падлеткаў і нават святары. Лыжнае спаборніцтва адбылося на базе сталічнай школы 177. Сярод удзельнікаў – так званыя “цяжкія” падлеткі. Але лыжныя гонкі – адзначыла каардынатар сацыяльных праектаў міссіі Мілана Антановіч – гэта не частка перевыхавання, а дабраахвотнае баўленне часу, каб пазнаць адзін аднаго і стаць крыху бліжэй. “А таксама паказаць грамадству, што яны не цяжкія падлеткі, а звычайныя дзеці”.

Дыстанцыя апынулася недзіцячай – паўкіламетры па стадыёне. Спачатку на старт выйшлі дзяўчыны, а потым хлопцы. Такім сімвалічным чынам, магчыма, варта прадэманстраваць, што перамогу здабыць у справядлівым спаборніцтве – значна цяжэй, чым сілай ці няпраўдай. Але толькі такая перамога можа лічыцца сапраўднай. У першую чаргу перамога над сабой – падцвердзіў кс. прэлат Эдмунд Даўгіловіч, дарадчык Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага. “Гэта як спартсмены, якія дасягаюць нейкіх высот і потым проста не могуць гэтым злоўжываць”, - сказаў ён.

Акцыя праводзіцца ўпершыню, але ўжо сёння вырашана, што яна не будзе аднаразавай. На вясну валанцёры “чыстага сэрца” будуць распрацоўваць новыя праекты – распавёў дырэктар каталіцкай місіі кс. Юрый Санько. “Мы будзем працаваць з цяжкімі падлеткамі, з дзецьмі-сіротамі, з тымі, каму патрэбна дапамога. І гэта праца будзе сумеснай з дзяржавай, таму што там ёсць свае напрацоўкі, у нас ёсць свае, і ўсё разам будзе прыносіць карысць”, - заявіў ён.

Спаборніцтва было сапраўдным – з п’едысталам і прызамі, іх падрыхтавала каталіцкая місія. Але акрамя гэтага, усе атрымалі добры настрой. Што традыцыя такіх акцый будзе прадоўжана, ужо ніхто не сумняецца. Таму што знаёмства атрымалася гарачым, як кава і гарбата, якімі частаваліся ўсе пасля лыжнай гонкі.







All the contents on this site are copyrighted ©.