2012-02-27 11:41:03

Арцыбіскуп Гуджэроцці: я хачу дапамагчы Беларусі наладзіць дыялог з іншымі народамі свету


RealAudioMP3 Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, у інтэрв’ю тэлеканалу “РТР – Беларусь” 26 лютага нагадаў словы Папы аб тым, што “калі Каталіцкі Касцёл мае дыпламатычную місію, то ўсё гэта для таго, каб дапамагчы розным народам весці ўзаемны дыялог”. Іерарх падкрэсліў, што гэта тое, што яму “вельмі падабаецца”. “Таму я хацеў бы прыкласці свае намаганні на тое, каб сапраўды дапамагчы наладзіць гэты дыялог паміж Беларуссю і іншымі народамі свету”, - сказаў дыпламатычны прадстаўнік Апостальскай Сталіцы. Гаворачы аб будучым пагадненні паміж Ватыканам і Беларуссю, нунцый падкрэсліў, што яго мэта заключаецца ў тым, каб наладзіць дыялог і супрацоўніцтва паміж Касцёлам і дзяржавай. “Гэта не азначае, што Касцёл павінен атрымаць якія-небудзь прывілеі ад дзяржавы, але каб гэтыя адносіны сталі лепшымі і прасцейшымі”, - сказаў арцыбіскуп Гуджэроцці.

Іерарх падцвердзіў, што перадаў у Міністэрста замежных спраў Беларусі праект пагаднення і зараз чакае на рэакцыю. “Калі знойдзецца што-небудзь, што па-сапраўднаму стане прадметам дэбатаў, гэта мне падабаецца яшчэ больш. Гэта азначае, што мы дакрануліся да нейкага нервовага пункту. Калі мы здолеем усё ж такі правільна правесці перамовы, то пасля іх больш узбагацімся”, - падкрэсліў дыпламат.

Акрамя таго, гаворачы аб палітыцы санкцый у адносінах да Беларусі арцыбіскуп Гуджэроцці адзначыў, што прынцыпам Касцёла з’яўляецца дыялог, і “калі гэта магчыма, ніхто не павінен ставіць такіх бар’ераў, якія б па-сапраўднаму былі перашкодай”. “Калі мы сапраўды хочам, каб Еўропа мела будучыню, мы павінны зразумець, што Еўропа павінна весці дыялог”, - падксрэсліў дыпламат.








All the contents on this site are copyrighted ©.